Канец студзеня ў Падляшскім ваяводстве адзначыўся незвычайна высокімі тэмпературамі, што змусіла жыхароў задумацца пра кліматычныя змены. Тэрмометры паказваюць плюсавыя значэнні, а надвор’е нагадвае раннюю вясну.

Кліматолаг, эксперт Альянсу «Зялёная Беларусь» Уладзіслаў Шумак тлумачыць:
-Адбываецца змена клімату. Для нашага рэгіёну Усходняй Еўропы змяняецца прывычны ход надвор’я: змяншэнне перыядаў са снегавым покрывам, змяншаюцца тэмпературныя межы і пераходу з сезону ў сезон. Рэзкія змены надвор’я – доўгатэрміновы трэнд у Беларусі і ў Польшчы, і ў прылеглых краінах. Год 2024 – для 90% тэрыторыі Польшчы была характэрная суш як глебавая, так і рачная. Прыйдзецца пераходзіць на новыя тэхналогіі і гатункі сельскагаспадарчых раслін. І будуць змяняцца лясныя масівы таксама.
Паводле прагнозаў, люты працягне тэндэнцыю цёплага і сухога надвор’я, а першыя сапраўдныя прыкметы вясны на Падляшшы могуць з’явіцца ўжо ў пачатку сакавіка. Жыхарам рэгіёна варта сачыць за прагнозамі і быць гатовымі да нечаканых зменаў надвор’я.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






