
“Госць Рацыі” — Андрэй Кушняроў, старшыня Асацыяцыі беларускіх ветэранаў ва Украіне. Пагутарылі з ім пра ПТСР, праблемы былых ваяроў і надзею на лепшае:
РР: Давайце нагадаем, як даўно існуе ваша асацыяцыя і чым яна займаецца.
– Асацыяцыя – гэта не нейкі фармальны орган, а згуртаванне людзей, якія праходзілі службу ва Узброеных сілах Украіны і сабраліся, каб дапамагаць адзін аднаму. У нас няма нейкай жорсткай і іерархічнай структуры. У нас ёсць рада з людзей, якія праводзяць найбольш валанцёрскай працы ў гэтым кірунку, дапамагаюць людзям, у якіх добрая рэпутацыя менавіта ў гэтай сферы. У нас былі выбары, мы выбіралі гэтых прадстаўнікоў.
Займаемся тым, што пазначана ў назве, дапамагаем беларускім добраахвотнікам, не толькі тым, якія сышлі з фронту, але тым, якія ўсё яшчэ знаходзяцца на фронце. Гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя, бо вельмі шмат людзей, якія сышлі з УСУ, яны туды праз паўгады, праз год вяртаюцца. Ёсць людзі, якія паспелі па два-тры кантракты адслужыць. Хтосьці сыходзіў на паўгады, пабыў з сям’ёй, закрыў свае справы і вярнуўся назад. Таму мы працуем з аднымі і з другімі.
Па магчымасці стараемся дапамагаць пошукам псіхолага, недзе пажыць, калі яны пасля службы прыязджаюць у Варшаву. Хтосьці дапамагае з працай, ва ўсіх жа ёсць нейкія знаёмыя, якія ўжо ўладкаваліся. Калі патрэбна нейкая дапамога па зборах, то дапамагаем распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, што ёсць такі збор, звязаць з людзьмі, якія праводзяць зборы. У асноўным такая праца. Бюджэту ў нас няма, грантаў у нас няма, гэта проста людзі, якія спрабуюць дапамагчы такім жа людзям, як яны самі.
РР: З якімі праблемамі сутыкаюцца людзі, якія вяртаюцца з фронту?
– Легалізацыя і першыя некалькі месяцаў, каб “стаць на ногі”. То бок гэта грошы, праца, жыллё. Самы актуальны запыт, гэта легалізацыя. Легалізацыя ва Украіне – гэта правальная гісторыя. У Польшчы, Літве трохі лягчэй. У Літве зараз складаней, застаецца Польшча. Дапамога ў атрыманні дакументаў.
РР: Што ва Украіне? Ваяр не мае правоў на нейкае пасведчанне на часовае прыбыванне?
– Не, нічога. У яго ёсць 90 дзён на год. Калі ён іх адбыў, то яму прадпісваецца пакінуць Украіну. У цэлым рэкамендуюць пакінуць Украіну, як мага хутчэй. У тэорыі вельмі вялікімі высілкамі можна атрымаць рашэнне на часовае пражыванне. Знайсці дзесьці працу праз валанцёраў.
Кожны па-свойму стараецца вырашыць гэтую праблему. Фактычна 90-95% людзей з’язджае, бо гэта занадта складана. Бюракратычная машына ва Украіне дзейнічае, ну і для ўкраінцаў яна дзейнічае, але для беларусаў усё яшчэ складаней. Большасць з’язджае.
Ёсць адзіны варыянт атрымаць такое пасведчанне, гэта раненне на полі бою, якое не дазваляе несці вайсковую службу. Зноў такі ж, гэта трэба прайсці медкамісію, дзе трэба даказаць, што яно атрыманае менавіта на ролі бою і яно перашкаджае несці вайсковую службу. Тады чалавек мае права пачаць працэс па атрыманні віду на жыхарства. Або адслужыць 3 гады ў войску – 2 гады падчас вайны.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Як зазначае спадар Андрэй, варта не забывацца пра беларускіх дабраахвотнікаў, ды і пра самую гэтую вялікую вайну, данаціць, калі гэта бяспечна, і браць удзел у грамадскіх акцыях у падтрымку Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя






