BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Сцепанюк: Маё жыццё адбываецца пад белым колерам

З нагоды Дня роднай мовы Госцем Радыё Рацыя з’яўляецца настаўнік беларускай мовы, які займаў пасаду дырэктара II Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, а разам з тым і паэт Андрэй Сцепанюк. Нядаўна ён прэзентаваў сваю кнігу вершаў “Зямля над белай ракой” на ІI Міжнародным паэтычным фестывалі памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» ў Вільні.

Там ён уразіў слухачоў сваёй паэмай “Узурпатар” і вершам, прысвечаным сваёй жонцы. З ім паразмаўляла наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

РР: Вашая кніга называецца «Зямля над белай ракой». Распавядзіце, што гэта за белая рака?

Андрэй Сцепанюк: Здаецца, кожны чалавек мае сваё месца. Для мяне гэтае месца – зямля на якой я жыву, на якой нарадзіўся. Я, па-праўдзе, недалёка ад яе ад’язджаў. Яна размешчана над ракой, якая называецца Белай. І тут у кнізе ёсць невялікая паэма, якая складаецца з сямі вершаў. Яна так і называецца «Зямля над белай ракой», дзе я вяртаюся да вёскі, дзе жыла мая мама, еду ў тыя мясціны, дзе цярпелі беларусы і ў час вайны, і пасля вайны. Калі задумваўся над загалоўкам гэтай кнігі, то дайшоў да высновы, што ўсё маё жыццё павінна адбывацца, ці адбываецца над чымсьці, што мае многа белага колеру, гэты колер чысты. І таму дзесьці так склалася і захацелася, каб гэтая кніга так называлася. Да таго ж яе так прыгожа графічна аформіў Адам Паўлоўскі. Так што, думаю, не ведаю, ці то мой запавет атрымаўся. Гэта другая кніга. Ці будуць наступныя – не ведаю. Але хацелася на гэтую хвіліну паказаць свае адчуванні.

РР: Вы кажаце пра белы колер. Зараз, сапраўды, напэўна, шмат цёмных колераў. Вы ўзгадалі вайну. Зараз таксама ідзе вайна. Можна сказаць, што сёння мы жывём у цяжкі час. Як бы вы апісалі вось гэты час і якія надзеі ў вас на будучыню? Я, напрыклад, аптымістка, але апошні час размаўляю ўсё больш з песімістамі, у іх не вельмі добрыя прагнозу. Хацелася б белых колераў.

Андрэй Сцепанюк: Можа ў мяне крыху па-другому. Бо я ўсё ж такі песіміст. Людзі, якія знаёміліся з гэтай кнігай, казалі, што яна чорная, а не белая, з увагі на тое, што знаходзіцца ў яе ўнутры. Але, ведаеце, самі бачыце, у якім свеце мы зараз жывём. І сумна, што людзі з цёмнымі характарамі ўсё ж такі ў гэтым свеце перамагаюць. І гэта страшэнна сумна. Ведаеце, мне ўжо за 60 гадоў. Я многа гадоў працаваў у школе. Я працаваў з моладдзю. І гляджу на іх – якія яны будуць праз некалькі гадоў, і ў якім свеце ім давядзецца жыць. А гэты свет не ідзе да нічога добрага. Тыя людзі, якія яшчэ маюць нейкія маральныя адносіны да свайго жыцця, не могуць супрацьстаяць тым, у якіх маральныя асновы адсутнічаюць. Я не кажу толькі пра аднаго ўзурпатара, ці пра другога, ці пра трэцяга… Я кажу пра нашае штодзённае жыццё, дзе зло ўсё ж такі перамагае. Таму я не такі аптыміст, каб сказаць, што за хвіліну засвеціць сонца. Дзесьці гэтае сонца добра схавалася і не відаць яго за-за хмараў.

Цалкам размова:

Нагадаем, госцем Рацыі быў настаўнік беларускай мовы, былы дырэктар II Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, а разам з тым і паэт Андрэй Сцепанюк.

Беларускае Радыё Рацыя