BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Антон Мірановіч: Наша задача падрыхтаваць спецыялістаў па культуры беларусаў з Беларусі і Падляшша

На філалагічным факультэце ўніверсітэта ў Беластоку адкрыўся новы курс — «Беларуская этнафілалогія», які прапануе ўнікальную праграму навучання, што аб’ядноўвае элементы культуралогіі, гісторыі, рэлігіязнаўства і мовы. Гэтая праграма — выдатная магчымасць для студэнтаў атрымаць глыбокія веды пра беларускую культуру, гісторыю і традыцыі, а таксама даследаваць праблемы польска-беларускага памежжа. Сённяшні “Госць Рацыі” –  прафесар і выкладчык курса Антон Мірановіч — раскажа пра ўсе дэталі праграмы і  якія канкрэтныя прадметы будуць выкладацца ў рамках гэтага курсу, а таксама якое галоўнае значэнне «Беларуская этнафілалогія» мае для развіцця беларускай адукацыі і культуры на Падляшшы.

РР: Напэўна, вашы веды прыдадуцца ў новым накірунку беларускай этнафілалогіі, які адкрываецца ў гэтым годзе ва ўніверсітэце ў Беластоку. Што вы будзеце выкладаць?

Антон Мірановіч: Сапраўды, я падтрымаў такую прапанову, я працаваў таксама ў інстытуце гісторыі, працаваў таксама на культуралогіі, а зараз атрымаў такую прапанову, каб працаваць на гэтым новым кірунку. І бачу, што ёсць там для мяне месца, дзе можна будзе задаць пытанні па гісторыі беларускага народа, але не толькі гэта тэма. Я бачу, што галоўнае – гэта тое, што мы павінны падрыхтаваць добрых спецыялістаў, якія б ведалі не толькі гісторыю, культуру, беларускую мову, але таксама ведалі, якія падзеі былі ў мінулым, але таксама і сённяшняе жыццё. Гэта значыць жыццё і палітычнае, і гаспадарчае, і этнічнае беларусаў, якія жывуць у Беларусі і за мяжой, і таксама на Падляшшы.

РР: Якія прадметы вы будзеце выкладаць?

Антон МірановічАпрача гісторыі Беларусі таксама ў маім коле зацікаўленасці ёсць культура Беларусі. І тут мы маем такія прадметы як культура ў Беларусі і культура беларусаў Падляшша. Мы будзем там разглядаць пытанні гэтай выдатнай вялікай культуры, маю на ўвазе тэатр, балет, музыка, опера. Гэта ўсё вельмі цікава і важна, бачым на выстаўках, на канцэртах, а таксама будзем вывучаць штодзённую культуру беларусаў. Гэта таксама галіна жыцця, якая вельмі цікавая для людзей з другіх дзяржаў, для людзей іншых нацыянальнасцяў. Звычайнае жыццё беларусаў у мінулым і сёння – гэта таксама такі важны аспект культуры беларусаў.
Мы таксама хочам паглядзець яшчэ на адну важную тэму – Падляшша выдала тут шмат выбітных асоб. І ў мінулым мы бачым, што з гэтай Падляшскай зямлі выраслі такія людзі, якія былі не толькі палітыкамі, але і выдатнымі навукоўцамі, дзеячамі культуры. Мы хочам гэта паказваць напрацягу мінулых стагоддзяў, але таксама хочам паказаць людзей Падляшша, дзякуючы і вашай рэдакцыі, паказаць людзей з Падляшша родам, якія заангажаваныя ў жыццё і культуры, і палітыкі, і гаспадаркі, і навукі. І гэтых людзей мы мала ведаем. Напрыклад, Барыс Кіт, які нарадзіўся  і быў шмат гадоў звязаны з Падляшшам.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З прафесарам і выкладчыкам новага кірунка Універсітэта ў Беластоку «Беларуская этнафілалогія» Антонам Мірановічам, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя
Фота Радыё Рацыя і UwB