У Варшаве ля помніка Каперніка адбылася апошняя акцыя беларускай дыяспары перад святкаваннем Новага году ў 2024 годзе ў гэтым звыклым для дыяспары месцы. Галоўная тэма акцыі – папярэджанне беларусаў, якія надумаюць паехаць на святы ў Беларусь з нагадваннем прозвішчаў тых, хто пайшоў на такі неабдуманы крок і цяпер адбывае тэрмін.

Гаворыць арганізатар акцыі – сябра грамадскай арганізацыі «Беларусы Варшавы» і Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіль Плешкуноў:
– Да сямейнага свята, Новага года, застаецца крыху больш за тыдзень. Кожны з нас марыць пра тое, каб абняць сваіх блізкіх і сваякоў, пачуць пах роднага дома, сабрацца за адным сталом з самымі дарагімі сэрцу людзьмі. І гэта настальгія прымушае многіх беларусаў рызыкнуць і наведаць у святочныя дні сваіх бацькоў, родных і сяброў, забываючыся на тое, што Беларусь – гэта не той дом, які быў некалі. Што дом захапіў рэжым, што кола рэпрэсій не спыняецца ні на хвіліначку і небяспека існуе для кожнага.
Паводле Васіля Плешкунова, разынкай акцыі было выкананне музычных нумароў беларускімі дударамі. Таксама Васіль запрашае беларусаў прыйсці 31 снежня з сем´ямі а 21.00 па польскім часе на святкаванне Новага году на плошчы ля помніка Каперніка. Дзецей і самых актыўных беларусаў чакаюць падарункі.



Беларускае Радыё Рацыя