BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фельетон Лізы Ахроменкі: Аптымізм

Паняцце “ваенныя рызыкі” заўсёды існавала ў страхавой сферы. З поўным усведамленнем ягонага сэнсу, яно ўсё адно здавалася нечым далёкім і непатрэбным. Такі сабе вузкаспецыяльны тэрмін. А тры гады таму гэтае паняцце трывала ўвайшло ў жыццё ўкраінцаў: не нейкія там уяўныя рызыкі, а цалкам рэальныя. Тыя, што могуць закрануць, або ўжо закранулі фінансавае становішча іх сем’яў. Але, нягледзячы на ​​сітуацыю, ўкраінскі рынак нерухомасці «ажыў». 

Здымак ілюстрацыйны

Больш за тое – насуперак эканамічнаму спаду і вайне – кошты паўзуць уверх. Эксперты называюць некалькі прычын. Вайна прынесла маштабныя разбурэнні жылых дамоў і інфраструктуры ў рэгіёнах, дзе ішлі актыўныя баявыя дзеянні. Гэта прывяло да дэфіцыту жылля ў гарадах, якія прынялі ўнутраных перасяленцаў: Кіеў, Адэса, усе абласныя цэнтры заходняй часткі Украіны. Попыт на жыллё ў адносна бяспечных гарадах расце, што падтрымлівае кошты на высокім узроўні.

Праз вайну шмат будаўнічых праектаў былі замарожаныя або адкладзеныя, што таксама прывяло да абмежаванай прапановы новабудоўляў. Яшчэ на цэны уплываюць выдаткі на лагістыку і матэрыялы. Істотным фактарам ёсць падаражэнне працоўнай сілы: шмат якія фірмы закрыліся з прычыны мабілізацыі. Высокі попыт на арэнду павышае цікавасць інвестараў да набыцця нерухомасці з гэтай мэтай. 

Вядома, гаворка не ідзе пра нерухомасць, што размешчана ў прыфрантавых рэгіёнах. Там кошты ўпалі ў разы. Стрыманы аптымізм пакупнікоў, якія вераць у хуткае завяршэнне гарачай фазы вайны, стаіць над усімі ваеннымі рызыкамі. Пры тым, што некаторыя рэгіёны Украіны застаюцца бяспечнымі толькі адносна. Бо невядома, што прыйдзе ў хворыя галовы тых, хто “ніколі не атакуе грамадзянскія аб’екты”.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя