Прафесар Ежы Усціновіч узнагароджаны сярэбраным медалём «За заслугі перад культурай» – Gloria Artis. З’яўляецца ён архітэктарам і выкладчыкам з архітэктурнага факультэта Беластоцкай Палітэхнікі.

Аўтар, між іншым, праектаў рэлігійных комплексаў і храмаў у Беластоку, Гародні, Бельску-Падляшскім, Менску, Палятылах, Баброўніках, Маскве, Брэмене, Аполі, Нью-Ёрку, а таксама праектаў кансервацыі, рэстаўрацыі і пашырэння манастыра ў Супраслі, манастыра на Святой гары Грабарцы, Цэнтра тэатральных практык Gardzienice, комплексу Замкавая Гара ў Мельніку, Комплексу музычных школ у Беластоку.
Прафесар Ежы Усціновіч сумяшчае навуковыя даследаванні з прафесійнай практыкай у галіне архітэктуры і мастацтва. Аўтар трох навуковых манаграфій, суаўтар пяці манаграфій, рэдактар сямі манаграфій і аўтар больш за 200 іншых публікацый, галоўным чынам у галіне сакральнай архітэктуры і мастацтва, архітэктуры лакальных культур памежжа і аховы культурнай спадчыны.
Ганаровую ўзнагароду ўручыла міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Ганна Урублеўская.
Нядаўна ён завяршыў архітэктурныя і кансервацыйныя праекты адносна гістарычных руін катакомбаў праваслаўнага манастыра ў Супраслі, руінаў касцёла і комплексу праваслаўных храмаў у Мельніку, стараверскай маленні ў Вадзілках і мемарыяла са 140 гістарычных надмагілляў на былых габрэйскіх могілках рабінаў у Беластоку.
Прафесар Ежы Усціновіч таксама праектаваў тэатры, акадэміі, музеі, канцэртныя залы і школы.
Ён жа запраектаваў надмагільны помнік на магіле Святой падляшскай зямлі пакутніцы Марыі Петручук на праваслаўных могілках у Малешах, гміна Вышкі, Бельскі павет. Святая пакутніца Марыя Петручук была адной з 80-ці пакутнікаў Падляшскай зямлі-ахвяр крывавага рэйду Бурага ў 1946 годзе. Помнік пабудаваны па ініцыятыве фонду «Нашая Памяць» і пры ўдзеле Беларускага Гістарычнага Таварыства.
За навуковую і творчую дзейнасць ён быў узнагароджаны, між іншым: Рыцарскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы, цяпер Бронзавым медалём «За заслугі перад культурай – Gloria Artis», індывідуальнай узнагародай міністра нацыянальнай адукацыі, узнагародай міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі князя Канстанціна Астрожскага і ўзнагародай святога брата Альберта.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: hrodna.life






