Сцяпар Копа (1945 – 2023) – фалькларыст, музыка, народны спявак і культурны аніматар, на працягу многіх гадоў папулярызаваў фальклор і традыцыйную музыку Беласточчыны. Сёлета будзе акурат адзначацца 80-годдзе з дня яго нараджэння.
Пасля яго смерці багаты архіў фалькларыста даследуе, архівуе і папулярызуе Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку з удзелам Змітра Косціна, кіраўніка рэдакцыі нацыянальных меншасцяў Польскага радыё Беласток. Зміцер быў госцем нашага ранішняга эфіру. Размаўляла з ім Яна Запольская.

РР: Сцяпан Копа – знаны фалькларыст з Беласточчыны, якога, на жаль, ужо няма сярод нас, але які пакінуў багатую спадчыну. І дзякуючы табе гэтая спадчына выратоўваецца.
Зміцер Косцін: Неяк так пашчасціла пазнаёміцца і завітаць да спадара Сцяпана літаральна за два месяцы перад тым, як ён адышоў. І тады пачаліся першыя размовы, звязаныя з архівам, бо на пачатку цяжка было ўявіць, што гэта, бо першая такая сустрэча – гэта было 20 касет. Здавалася, 20 касет, але я так паглядзеў па мясцовасцях адкуль гэтыя запісы былі – гэта ваколіцы Кузніцы, ваколіцы Янава, Мельніка, Нурца, то бо такія невідавочныя месцы, дзе можна было запісваць фальклор.
Усе мы ведаем пра спеўныя гурты “Малінкі”, Арэшкі”, “Падлясянкі” ды іншыя. То бок такія гурты як “Каліна” ў Залуках, якія даўно спяваюць і шмат можна яшчэ сёння запісаць. А там было шмат такога невідавочнага матэрыялу. Пазней, калі ўжо спадара Сцяпана не стала, сям’я таксама мела вялікае разуменне таго, што гэта важная справа не толькі для сям’і ці нейкіх прыватных рэчаў, а важная справа для ўсёй беластоцкай грамадскасці, не важна, якой нацыянальнасці і не важна, якой рэлігіі, бо гэта спадчына супольная. І тут так склалася, што дзякуючы Цэнтру беларускай культуры, які ўзнік, удалося гэты архіў выкупіць і пачаць апрацоўваць. Гэты год, калі ўжо пачнецца і такая тэхнічная праца, і падрыхтоўчая праца да таго, каб апублікаваць на наступны год план стварэння сайту, на які можна зайсці, пашукаць розныя вёскі, мястэчкі і адкуль запісаныя гэтыя песні, пабачыць тэксты гэтых песень.
РР: То бок гэта найперш гукавы архіў?
Зміцер Косцін: Так, гэта перадусім гукавы архіў, але таксама тут трэба сказаць, што вельмі шмат працы яшчэ з паперамі. Таму што часам у гуказапісу паведамляецца “спяваюць жанчыны са Слоі”, а пасля шукаючы ў паперах бачыш гэтых жанчын і якога яны года нараджэння. Таму тут шмат працы такой параўнаўчай.
Вядома, спадар Сцяпан вельмі шмат зрабіў падчас свайго жыцця – гэтыя спеўнікі, іх 11, тэксты збольшага ўжо падрыхтаваныя, толькі трэба далучыць да гэтых аўдыяфайлаў, але марыцца і Цэнтру беларускай культуры і мне, каб таксама з’явіліся фотаздымкі тых асобаў, якія выконвалі спевы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя