Армія ЗША пацвердзіла смерць траіх вайскоўцаў, яшчэ адзін вайсковец застаецца зніклым без вестак. «Жаўнеры, якіх мы страцілі ў гэтай трагедыі, былі не проста вайскоўцамі — яны былі часткай нашай сям’і. Нашы сэрцы ахоплены смуткам, які адгукаецца рэхам як ва ўсёй дывізіі, так і дома», — гаворыцца ў прэс-рэлізе арміі ЗША. Інфармацыі аб чацвёртым зніклым жаўнеры пакуль няма, аднак у паведамленні гаворыцца, што пошукавая аперацыя ў Пабрадзе працягваецца.

Гусенічная выратавальная машына M88 Hercules з чатырма амерыканскімі вайскоўцамі знікла падчас вучэнняў на палігоне ў Пабрадзе ў аўторак на мінулым тыдні. Пазней тэхніка была знойдзена на глыбіні каля пяці метраў у забалочанай мясцовасці. Сёння тэхніку ўдалося падняць са дна.
Як піша літоўскае выданне Delfi, Генеральная пракуратура Літвы распачала расследаванне прычын смерці чатырох амерыканскіх жаўнераў на палігоне ў літоўскім Пабрадзе пры мяжы з Беларуссю. Сёння раніцай бронемашыну, якой ехалі жаўнеры, выцягнулі з балота. На месцы працуюць ваенная паліцыя і амерыканскія следчыя. Журналісты паведамляюць, што на палігон заехалі, а пасля з яго выехалі аўтамабілі пахавальных службаў. Кіраўнік пошукава-выратавальнай аперацыі лейтэнант-палкоўнік Аушрус Буйкус адзначыў журналістам:
– Я цяпер не магу каментаваць спецыфіку працы супрацоўнікаў і ваенных, якія гэтым займаюцца, што менавіта яны робяць. З этычных прычын пра целы ваенных каментару не будзе, – сказаў Буйкус. Раней міністр абароны Літвы Давіле Шакаліне сказала, што ёсць дамоўленасць з амерыканскіх бокам, што ён першым агучыць інфармацыю пра лёс жаўнераў. Найперш будуць праінфармаваныя сем“і, зазначыла міністр.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: КАМ






