На месцы пабудовы крамы адной з вялікіх сетак крамаў у Орлі (назвы не буду ўказываць) былі адкапаныя людскія астанкі. Гэтым разам пакуль каля 10-ці шкілетаў (на здымках прыкрытыя сінімі поліэтыленавымі пакетамі-фоліяй).

Будаўнічыя работы былі спыненыя.
Чаму гэтым разам?
Бо на тым жа месцы ў канцы 80-тых гадоў мінулага стагоддзя хацелі пабудаваць Гмінны асяродак здароўя і падчас капання фундаментаў пад асяродак адкапалі 17 бадай шкілетаў людскіх і … конскіх. Астанкі, нягледзячы, што тады яшчэ была Народная Польшча, перапахавалі на могілкі. Але пабудову Асяродка спынілі, неўзабаве і Польская Народная Рэспубліка стала нябожчыцай. Прыйшло новае.
Як выявілі ў асяроддзі гісторыкаў-аматараў і прафесіяналаў, праўдападобна гэта былі ахвяры нямецка-расейскіх баёў Вялікай Вайны (І Сусветнай вайны), якіх усіх пахавалі ў адным месцы па-хрысціянску. А прынамсі так думалі, што ўсіх.
Тыя нямецка-расейскія баі мелі месца ўлетку 1915 года, у больш вядомай Бельскай бітве. Загінулыя целы воінаў абодвух бакоў пахавалі на могілках, між іншым, у Студзіводах (ля Бельска), у Ягуштове таксама ля Бельска, у самім Бельску (амаль насупраць шпіталя ў раёне Головеск), непадалёк ад Малінік і Рыгораўцаў, ну і ў Орлі. У Орлі на царкоўным участку, акурат на поўдзень ад згарэлай у канцы 18 стагоддзя замкавай царквы святога Яна. А паколькі тая вайна яшчэ мела прыкметы гуманітарнасці, пахавалі загілулых салдат разам, і адных і другіх. Неўзабаве царскія расейскія войскі адступілі, а казакі пагналі ў бежанства мясцовых праваслаўных беларусаў (чацьвёртая частка жыхароў тагачаснай Орлі – гэта былі беларусы, тры чвэрці – габрэі). Прышлі немцы і ўпарадкавалі магілы сваіх і не сваіх загінулых, абгарадзілі плотам, пасадзілі бэз навокал. Тое ўпарадкаванне немцы праводзілі і ў час ІІ Сусветнай вайны.
Дарэчы, у час Вялікай Вайны, непадалёк, па другім баку Бельскай вуліцы існаваў ваенны шпіталь (потым заменены на школу) з 3 ці 4 корпусамі і прасекторыюмам (у нас казалі трупярня).
Гэта цяпер там новая школа і спартыўныя школьныя пляцоўкі і яшчэ жылы блок, але ўжо не школьны.
Аднак і ў 1915 годзе пасля бою, і пазней у канцы 80 гадоў, калі там будуваць хацелі мясцовую амбулаторыю, аказваецца недакладна пазбіралі астанкі загінулых, калі знаходзяць іх і цяпер. Ну што Асяродак здароўя не пабудавалі, а ўчастак зямлі пераходзіў у рукі іншага ўласніка, быў спачатку школьным, потым гмінным, потым выкупіў яго бізнесовец з суседняй вёскі, які меў планы пабудовы тамака цэнтра ганлёва-забаўляльнага. Дарэчы, бізнесовец-бацюшка.
Нічога не атрымалася. А ўчастак стаў нелегальнай сметніцай, а падмурак амбулаторыі – месцам «альтэрнатыўных» сустрэч моладзі. Летась прыходзіць ліст з управы гміны, а потым наступныя таксама і ад стараства павятовага ў Бельску, што на тым месцы будзе крама, адной з вядучых сетак дысконтаў. Бізнесовец прадаў участак менавіта сетцы крамаў.
Іх крамы ёсць у Бельску ўжо дзве і па цэлай Польшчы (больш за тысячу, а мае быць 2 з паловай тысячы крамаў). Згодна з законам, суседзі новай пабудовы атрымліваюць паведамленне аб планах пабудовы і могуць непагаджацца, адклікацца, або ўнесці нейкі пратэст.
Пратэст ўнесці на такі ці іншы характар забудовы могуць і грамадскія арганізацыі ці ўстановы. Для індывідуальнага чалавека ісці на змаганне з дысконтам – гэта тое, што палкай павярнуць рэчку. Для арганізацыі, аказваецца, таксама. Пратэставала арганізацыя Stowarzyszenie Dziedzictwa Podlasia, але Гмінная Управа ў Орлі адхіліла іх пратэст, маўляў, не ёсць яны бокам справы.
Затое, дзве іншыя важныя ўстановы пагадзіліся чамусьці на суседства дысконту з продажу …спіртных, хаця маглі не пагадзіцца. Закон у Польшчы не дазваляе будаваць аб’екты, дзе прадаецца і спажываецца спіртное паблізу месцаў культу (праз плот капліца святога Сімеона Слупніка і раней ўзгаданыя магілы салдат І Сусветнай вайны), а праз вуліцу – спартыўная пляцоўка арлянскай школы. Закон дакладна называе адлегласць ад такіх абектаў.
І паверце, там 50 метраў няма, і ўсё як на далоні….
„1) najbliższa okolica punktu sprzedaży napojów alkoholowych – obszar mierzony od granicy obiektu, zamknięty trwałą przeszkodą o charakterze faktycznym, taką jak krawędź jezdni, zabudowa, która ze względu na swój charakter uniemożliwia dostęp oraz kontakt wzrokowy i głosowy, mur bez przejść oraz ciek wodny bez bliskich przepraw…»
Czytaj więcej w Systemie Informacji Prawnej LEX:
https://sip.lex.pl/akty-prawne/dzu-dziennik-ustaw/wychowanie-w-trzezwosci-i-przeciwdzialanie-alkoholizmowi-16791032/art-2-1
Але сетка дысконтавых крамаў чамусьці такі дазвол атрымала. Ад войта Гміны Орля і стараства ў Бельску.
Ну што ж, калі жывыя не змаглі запратэставаць, пратэстуюць мёртвыя.
Будаўнічыя работы былі прыпынены. Як надоўга – невядома. Мясцовыя кажуць, што ўсё такі ненадоўга.
Астанкі ахвяр, якім 110 гадоў, збяруць і перапахаваюць. Пытанне, ці ўсё астанкі? Ці яшчэ недзе валяюцца ў зямлі?
І другое.
Ці варта ў месцы гібелі жаўнераў, ставіць «Budynek handlowo-usługowy”?
Не атрымалася пабудаваць амбулаторыю ў 1989 годзе, не ўдалося загаспадараваць участак прыватніку. Значыць, нейкі праклён?
А тым часам гмінныя ўлады ў Орлі збіраюцца да адкрыцця новага забаўляльнага комплексу – амфітэатра ў мястэчку. У іншым месцы.


Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара






