BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Баявыя» чаявыя

Такі добраахвотны жэст, як чаявыя, знаёмы кожнаму: традыцыя заахвочваць персанал за добрую працу існуе ва ўсім свеце. І, наадварот, нежаданне госця пакінуць чаяавыя, можа быць расцэнена як незадавальненне абслугай. А ў некаторых барах і рэстаранах гэта – галоўны даход афіцыянта.

Адзін з буйных украінскіх банкаў увёў новую функцыю пры бескантактавай аплаце. Наведвальнікі такіх устаноў зараз могуць пакінуць чаявыя для вайскоўцаў – «баявыя». Данаціць на ВСУ пры аплаце рахунку ў кафэ ці рэстаране можна і пасля выпітага кубка кавы, а не толькі пасля вячэры на вялікую суму.

Па словах сузаснавальніка гэтага банка-ініцыятара, кожны месяц украінцы пакідаюць у якасці чаявых каля ста мільёнаў грыўняў. І калі чаявыя – гэта падзяка за сэрвіс, то «баявыя» – падзяка за жыццё. Ці была б наогул магчымая кава, калі б не ВСУ? Хоць украінцы ініцыятыву банка ўспрынялі насцярожана: сярод ашуканскіх схем асабліва папулярнымі з’яўляюцца менавіта схемы збору грошай нібы ў падтрымку войска. І крэатыўнасць у пытанні выманьвання грошай ніколі не скончыцца. Як у Астапа Бендара.

Таму ўкраінцы данацяць непасрэдна тым падраздзяленням, дзе служаць іх блізкія і знаёмыя. І на канкрэтныя мэты: на дроны, на цеплавізары, на абмундзіраванне, нават на бюджэтныя аўтамабілі для выканання баявых задач. І яны ўпэўненыя, што іх дапамога не згубілася, не растварылася ў абстрактным паняцці «баявыя». Хоць сама ідэя, вядома, вартая ўвагі. Калі будзе распрацаваны выразны механізм адраснага выкарыстання гэтых грошай, паказана фінансавая справаздача ад кожнай установы, тады, магчыма, украінцы будуць давяраць новай функцыі банка. А пакуль рэйтынг даверу (што да ўкраінскіх банкаў, што да кіраўніцтва дзяржавы) імкліва падае.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя