BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Бардаўская восень 2024”

29-я «Бардаўская восень» прайшла ў Гайнаўцы, Бельску Падляшскім і Беластоку.

У 29-ы раз на Падляшшы прайшоў традыцыйны літаратурна-музычны фестываль «Бардаўская восень». У гэтым годзе ён ахапіў 3 гарады – Гайнаўку, Бельск Падляшскі і Беласток.

Гавораць арганізатары, удзельнікі і госці бельскай часткі фестывалю.

– Бельск Падляшскі – гэта радзіма “Бардаўскай восені”, і цяжка ўявіць увогуле “Бардаўскую восень” без Бельска Падляшскага і Больск Падляшскі без “Бардаўскай восені”. Мы хвалюемся, думаем пра будучыню, але таксама вельмі цешымся.

– Мы любім вельмі Беласточчыну, Падляшша. Беласток – гэта першы замежны горад, у якім я сыграў канцэрт калісьці, таму я трапятліва стаўлюся. І тут жа адчуваецца такі беларускі фактар, прысутнасць, і ў Бельску, і ў Гайнаўцы, і ва ўсіх гэтых вёсках і мястэчках. Таму гэта для нас такая дарагая тэрыторыя, і мы вельмі любім сюды прыязджаць, і тут публіка такая цёплая.

– Мы павінны гісторыю і культуру нацыянальнай меншасці зрабіць часткай нашай агульнай гісторыі, каб гэта не было дзве розныя паралельныя гісторыі, каб гэта было ўсё ж такі ў нас адзінай дарогай, адзіным гістарычным кантэкстам. І гэта тая задача, якую я бачу перад намі сёння.

Традыцыйна на «Бардаўскай восені» ў Бельску Падляшскім была ўручаная літаратурна-мастацкая прэмія імя Міхала Анемпадыства. За графічнае афармленне зборніка паэзіі Насты Кудасавай «Побач» прэмію атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя

29-ты фестываль беларускай паэзіі і аўтарскай песні “Бардаўская восень” у Бельску Падляшскім.

YouTube player
відэа http://bielsk.eu/

Разам з выступоўцамі Лявонам Вольскім і гуртом “NAVI” спявала ўся зала.

З месца падзей перадае наш карэспандэнт Юрась Дзяшук:

Песні на вершы Міхала Анемпадыстава грае Лявон Вольскі.

Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі сталі лаўрэатамі прэміі імя Міхала Анемпадыстава за афармленне зборніка вершаў Насты Кудасавай “Побач”.

Выступае Verami.

Уладзімір Няклеў прэзентаваў сваю новую кнігу “Без айчыны” у Бельску.

Фота Юрася Дзяшука

* * *

Фестываль пачаўся ў Гайнаўцы акустычным канцэртам NaviBand і выступам Уладзіміра Някляева ў Гайнаўскім беларускім ліцэі. Вучняў ліцэя сабралася ў зале каля дзвюх сотняў.

Для музыкаў NaviBand выступ на фэсце, як выступ у сямейным коле. Кажа Арцём – вакаліст Naviband:

-Утульнае для нас, для душы, мерапрыемства, каб прыехаць, каб адпачыць душой, каб паспяваць, каб убачыць, лічыце, родныя мясціны. Бо ўсё тут нагадвае пра дом. Таму нам вельмі прыемна. Выступалі некалькі разоў. Гэта было гадоў пяць таму яшчэ. Зараз узнаўляем у новым складзе. Нам прыемна вярнуцца.

Адзін з пачынальнікаў фэсту і былы арганізатар Ігар Лукашук дзеціцца гісторыяй стварэння мерапрыемства:

-“Бардаўская восень” пачыналася 28 гадоў таму. Пачынальнікам і галоўным арганізатарм быў Багдан Сіманенка – старшыня Звязу беларускай моладзі. Таму што гэтае аб’яданне было арганізатарам фестывалю. Стваральнікамі, пачынальнікамі канцэпцыі “Басовішча” ужо больш канкрэтызавалася ў бок рок-фестывалю. І там пачало нехапаць месца для бардаў.

Паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў падзяліўся сваім уражаннем ад выступа ў Гайнаўцы:

-У Гайнаўцы я ўпершыню быў у 1982 годзе, калі ў Польшчы быў ваенны стан. І таксама было незразумела, што тут можа быць. Але адно было ясна, што Польшча не скончыцца. Ну проста гэта немагчыма. Была ўпэўненасць, што нічога кепскага не станецца з Беларуссю, бо тут усе вучні, якія ў 1982 годзе слухалі вось у гэтай самай зале мой выступ, як адзін размаўлялі па-беларуску. І ўсё выкладанне было на беларускай мове. Сёння я прыехаў сюды і чакана дазнаюся, бо ведаю тую палітыку, якая праводзіцца сёння ў дачыненні да беларускасці на Падляшшы, што тут можа быць 10 адсоткаў будзе мяне разумець.

У Бельску-Падляшскім у межах 29-ага фестывалю “Бардаўская восень” адбудзецца ўручэнне прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Дадзенай прэміяй Беларускі ПЭН узнагародзіць аўтара лепшай беларускай кніжнай вокладкі года. Музычнае суправаджэнне забяспечыць Лявон Вольскі. Уваход вольны.

Таксама мерапрыемствы адбудуцца і ў сталіцы Падляшша – Беластоку.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя