BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Батумі: латарэя і аўкцыён для салідарнасці

У беларускай прасторы “аКсяродак”, што знаходзіцца ў грузінскім Батумі, адбылася латарэя і аўкцыён, падчас якіх збіралася дапамога ваярам, якія ваююць за Украіну ў складзе Беларускага добраахвотніцкага корпусу.

Пра мерапрыемства валанцёрка Святлана:

– Самую галоўную мэту мы ставілі нават перад зборам коштаў, гэта нейкае аб’яднанне вакол нашых ваяроў. Усе стаміліся ад вайны, усе зборы ідуць павольна. Людзі ўжо неяк прызвычаіліся да такога жыцця ў эміграцыі і не думаюць пра вольную Беларусь, мне падаецца. Таму, у першую чаргу, мы зноў хацелі згуртаваць людзей.

Па словах валанцёркі, на сустрэчу прыйшлі не толькі беларусы, але і ўкраінцы, якія праводзяць акцыі ў Батумі:

– Мне падаецца, што ў нас атрымалася згуртаваць беларусаў. Я шчыра дзякую ўкраінцам, якія прыйшлі і падтрымалі. Мы вельмі ўдзячныя за гэта. Плануем праводзіць аўкцыёны і латарэі далей. Мы вельмі спадзяёмся адрадзіць тое, што было на пачатку вайны – тую дапамогу, тую салідарнасць. Гэта патрэбна не толькі ваярам, гэта патрэбна ўсім нам.

На мерапрыемстве ўдалося сабраць ахвяраванні, а напрыканцы сустрэчы адбыўся імправізаваны выступ музыкі Змітра Зайко, які больш вядомы як рэпер “Вожык”.