Беларускія валанцёры з грузінскага Батумі пасля праведзенага аўкцыёна і латарэі арганізавалі новы збор для жаўнераў, што ваююць ва Украіне у складзе Беларускага добраахвотніцкага корпусу.

Пра збор распавядае адная з арганізатарак – валанцёрка Святлана:
-Была такая ідэя яшчэ ўлетку зрабіць цішоткі для ваяроў. Хочам замовіць і набыць у Турэччыне, і тут зрабіць вышыўку, як была на кашулі Вітаўта. Не ўсе хлопцы дажылі да гэтага, хто хацеў атрымаць гэтыя цішоткі. Але хочацца зрабіць рэальнасцю гэтую ідэю, і хлопцы вельмі чакаюць.
Па словах Святланы, апроч збору на цішоткі, хлопцам таксама перададуць паштоўкі, якія намалявалі беларускія дзеткі з Батумі:
-Дзеткі намалявалі хлопцам паштоўкі, якія мы перадамо разам з дронамі, а таксама зрабілі абярэгі-анёлы для нашых ваяроў, і яны таксама паедуць ва Украіну да жаўнераў БДК.
Падчас латарэі і аўкцыёна ў Батумі было сабрана 793 лары (гэта каля 300 даляраў) і 10 еўра. Батумскія валанцёры плануюць сабраць грошы на 100 цішотак і цягам бліжэйшага часу перадаць іх ва Украіну.
Беларускае Радыё Рацыя