
Білборд у Беластоку
У першыя дні вакацый стартавала прома-акцыя Беларускага Радыё Рацыя. У Беластоку, уздоўж дарог і ў гарадах на польска-беларускім памежжы, з’явіліся 40 білбордаў з рэкламай Беларускага Радыё Рацыя і сайта www.racyja.com.
Другі нядаўні поспех станцыі — размяшчэнне беларускамоўнай праграмы Радыё Рацыя на Латышскім радыё 4. Праграма Улада Грынеўскага «Месца для прэсы» будзе выходзіць на Радыё 4 кожны чацвер у 19.05 па латышскім і беларускім часе (па польскім часе – на гадзіну раней).
Таксама нагадаем, што як у App Store, так і ў краме Google Play даступныя аплікацыі Беларускага Радыё Рацыя, якія дазваляюць слухаць радыё і чытаць навіны з Беларусі.
– Лета – добры час для рэкламы на білбордах. Дзень доўгі, а білборды бачныя доўга. Людзі шмат падарожнічаюць з-за прафесійных абавязкаў, але таксама выязджаюць на адпачынак, – кажа Марцін Рэбач, адказны за рэкламу і развіццё Радыё Рацыя. – Акрамя таго, у Польшчы нарэшце ёсць час без выбарчай кампаніі, таму вывешванне білбордаў абыходзіцца танней і мы можам выбіраць лепшыя месцы.
Білборды Беларускага Радыё Рацыя размешчаны на выязных дарогах у Беластоку, Аўгуставе, Саколцы, Бельску Падляшскім, Гайнаўцы, Семятычах, а таксама каля памежных пераходаў: Тэрэспаль – Берасце і Кукурыкі – Казловічы.
Беларускае Радыё Рацыя цягам многіх гадоў імкнецца пашырыць вяшчанне сваіх праграм з тэрыторый іншых памежных з Беларуссю краін Еўропы: Літвы, Латвіі і Украіны. Попыт на беларускамоўную інфармацыю і публіцыстыку ў гэтых раёнах вялікі, асабліва ва ўмовах, калі пасля 2020 года ва Украіну, Латвію і Літву прыехалі соткі тысяч палітычных эмігрантаў з Беларусі

– Мы хочам падвысіць сваю беларускамоўную актыўнасць, – заяўляе ў інтэрв’ю «Радыё Рацыя» Анна Строй, галоўная рэдактарка грамадскага латышскага, чутнага на латышска-беларускім памежжы Радыё-4, – Мы бачым такую патрэбу, асабліва апошнія гады, калі ў Латвіі знайшлі ратунак і дапамогу 55 тысяч беларусаў. Наша даследаванне паказвае, што менш за 1% з іх карыстаюцца беларускай мовай у сямейных стасунках. Таму мы вельмі клапоцімся пра гучанне беларускай мовы, бо яна мае велізарнае сімвалічнае значэнне.
– Беларускае радыё павінна гучаць не толькі ў Латвіі, але і ў Літве, і на ўкраінскім памежжы. Трэба пашыраць кантакты з беларускай мовай праз радыё. Мы адчуваем сумневы і, магчыма, нейкую разгубленасьць з боку еўрапейскіх уладаў у гэтым пытанні, і мяркуем, што справа не ў фінансах, таму што радыё недарагое. Хутчэй гаворка ідзе пра адсутнасць доўгатэрміновага бачання забеспячэння кантакту беларускіх бежанцаў і беларусаў у Беларусі з жывой беларускай мовай і беларускай культурай. У гэтым пытанні патрэбны смелыя, стратэгічныя рашэнні, якія дапамогуць беларускай мове і культуры перажыць крызіс, у якім яны апынуліся, і зазнаць як мага менш стратаў, лічыць Марцін Рэмбач.

Білборд у Саколцы

Білборд у Агародніках


Білборды ў Беластоку






