Ля Управы Падляшскага ваяводства пачалася акцыя, накіраваная на тое, каб чарговы раз прыцягнуць увагу польскіх уладаў да вострай праблемы палітвязняў у Беларусі і прапанаваць ім разгледзець магчымасць ультыматуму рэжыму Лукашэнкі.
На думку арганізатараў акцыі, патрабаванне да рэжыму Лукашэнкі можа быць толькі такім: вызваленне ўсіх палітвязняў, альбо спыненне чыгуначнага руху праз беларуска-польскую мяжу грузавых цягнікоў.
Вядома, што праз польскую чыгунку з тэрыторыі Беларусі ідзе большасць тавараў з Расеі і Кітая, таму спыненне руху было б сапраўды значным і адчувальным абмежаваннем. Арганізатары акцыі падкрэсліваюць, што жыццё і здароўе тысяч беларускіх палітвязняў вартае такіх палітычных крокаў.
Працуе вольны мікрафон. Агучваецца сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Праводзяцца паралелі з Аляксеем Навальным, які памёр у расейскай турме. “Агрэсар разумее толькі мову гвалту”.
“Мы разумеем, што не ўсе залежыць ад Польшчы, але яна паказала сваю сілу. У Нямеччыне вялікі таваразварот з Кітаем. Жыццё людзей важней за грошы. Людзі гінуць у турмах і на вайне. Гэта трэба спыніць”.
Зачытваецца ліст да Ваяводы Падляшскага ваяводства.
Зварот з ультыматумам быў перададзены Ваяводу Яцаку Бжазоўскаму.
Ваявода абяцаў перадаць зварот Міністру замежных спраў Польшчы. “Нашы дзверы заўсёды адкрыты для беларусаў”,- словы ваяводы на развітанне.
Беларускае Радыё Рацыя