Кіраўнік Таварыства «Беларуская дыяспара ў Польшчы» Аляксей Дзікавіцкі падвёў вынікі працоўнага візіту ў польскі Сейм, дзе 10-га лютага адбылася сустрэча са старшынём сталай падкамісіі па грамадзянскіх справах, справах замежнікаў і міграцыі Яраславам Зяліньскім.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя беларусаў, якія выехалі ў Польшчу за апошнія гады, а таксама прапановы дыяспары, накіраваныя ў дзяржаўныя органы, у тым ліку ў частцы спрашчэння працэсаў легалізацыі грамадзян Беларусі.

Кажа Аляксей Дзікавіцкі:
– Перадалі шэраг прапаноў, каторыя мы ўжо накіравалі ў органы выканаўчай улады. Доўгі час чакання дакументаў, падаўжэнне карт, абмен пашпарта – дзеля гэтага трэба ехаць у Беларусь. Дыяспара яшчэ мае праблемы з-за таго, што дзяржава, адкуль паходзяць прадстаўнікі гэтай дыяспары, робіць усё, каб ускладніць жыццё ў іншай краіне сваім грамадзянам.
Паводле слоў Дзікавіцкага, бакі дамовіліся падтрымліваць сталы кантакт і накіроўваць у парламент прапановы зменаў у заканадаўчыя акты, што датычаць замежнікаў, а таксама супрацаваць з падкамісіяй у якасці экспертнай падтрымкі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Таварыства «Беларуская дыяспара ў Польшчы»






