Сенат Польшчы без паправак ухваліў законапраект, які прадугледжвае прафесійную і адміністрацыйную падтрымку з боку Канцылярыі Сейму для нацыянальных меншасцяў і носьбітаў рэгіянальных моў. Цяпер — чарга за прэзідэнтам.
Што гэтыя змены могуць азначаць для беларускай меншасці на Падляшшы? Ці сапраўды прыйшоў час, каб склікаць агульны Форум і абмеркаваць праблемы вымірання беларускай меншасці ў Польшчы? І чаму так важна не толькі помніць, але і гаварыць пра трагічныя старонкі гісторыі — як, напрыклад, пра карныя аперацыі Бурага і Лупашкі?

Пра ўсё гэта размаўляем з нашым “Госцем Рацыі” — былым дэпутатам Сейма, грамадскім дзеячам і рэдактарам выдання Przegląd Prawosławny Яўгенам Чыквіным.
РР: Што зменіцца кардынальна, дзякуючы законапраекту, як гэта можна будзе выкарыстаць для Падляшша?
Ян Чыквін: Вялікіх пераменаў у сітуацыі з меншасцямі я не бачу. Бо гэта абмяжоўваецца працай Сумеснай камісіі ўрада і нацыянальных меншасцяў. Сітуацыя меншасцяў у Польшчы яна складаная, таму што малыя супольнасці, у кожнай свае праблемы. У нас, беларусаў, вельмі вялікія. Бо так выміраем хутка на Падляшшы. За 20 гадоў на чарговыя 20% зменшылася колькасць па спісах.То на гэта не паўплывае. Паўплывала б, калі б урад прыняў бюджэт, у якім было б выдзелена больш сродкаў, але не думаю, што яны гэта зробяць. Трэба прасіць.
Другая справа, як мы самі арганізуемся. Беларусы, на жаль, не маюць ніякага форуму, хоць бы для найважнейшых нашых спраў. Выміранне нашай часткі ўсходняй, цяпер яшчэ больш складана ўсё. Гэты плот на мяжы, памежныя пераходы закрытыя. Справа нашай культуры, нашай веры праваслаўнай то найважнейшыя, але, на жаль, няма нічога такога, арганізацый маем вельмі многа, маем Радыё Рацыя, тэлебачанне беларускае, выдавецтва ёсць, перыёдыкі. Не хачу сказаць, што гэта не мае значэння. Мае значэнне. Але тое, што на чарговых перапісах змяншаецца кожныя 20 гадоў ажно на 20% колькасць беларусаў. То не цяжка падлічыць, калі ўжо тут застануцца толькі журналісты і дзеячы арганізацый. Але можа маладое пакаленне будзе па-іншаму, дасць Бог, зберагаць сваю тоеснасць, веру, культуру – тое, што найважнейшае.
Цалкам гутарка:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






