BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускаму Купаллю ў Белавежы – 40 гадоў

Адна з найбольш адметных музычных падзей на Падляшшы – беларускае Купалле. Гэта фестываль, які цесна звязаны з беларускай абрадавасцю і традыцыяй. Гледачы і ўдзельнікі ладзяць шэсце цэнтральнымі вулачкамі Белавежы з вянкамі і паходнямі, а кульмінацыяй есць пусканне вянкоў на ваду ў купальскую поўнач.

Цяпер такіх фестываляў на Падляшшы шмат, бо кожная мясцовасць хоча мець сваё Купалле. Але белавежскі фестываль быў першым. Сёлетні фестываль вярнуўся на тое месца, дзе святкавалі белавежскае Купалле ўпершыню.

Кажа старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень:

-У гэтым годзе ўдалося вярнуцца на тое старое месца, дзе заўсёды праходзіў канцэрт, дзе заўсёды збіралася публіка. Даходзілі да нас розныя сігналы ад жыхароў Белавежы, ад саміх выканаўцаў, што пазнавата заканчваецца Купалле. Таму вырашылі зрабіць гэта на дзве гадзіны раней. Ахвотных выступіць нашмат больш, чым мы можам запрасіць на гэтае мерапрыемства.

З прычыны таго, што Купалле мела пэўныя абмежаванні ў часе, не ўсе спевакі маглі паўдзельнічаць у святочным канцэрце. Кацярына Якоўчык з Беластока трапіла ў лік тых, хто сёлета спяваў на купальскай сцэне ў Белавежы. Спявачка паходзіць з Беларусі, некалькі апошніх гадоў жыве на Падляшшы. Белавежа для яе – месца асаблівае.

Кажа Кацярына Якоўчык:

-Белавежа – гэта тое месца, куды хочацца прыязджаць. Бо яно аб’ядноўвае Беларусь і Польшчу. Я ведаю, што я ў Польшчы, але я адчуваю сябе і як у Беларусі, бо гэта Белавежская пушча. Я тут як дома, сапраўды. Тут багата  этнічных беларусаў – гэта як вялікая сям’я для мяне. І тут лёгка мне спяваецца.

У сёлетнім Купаллі ў Белавежы выступілі больш як 30 удзельнікаў. Гэта спевакі-салісты, песенныя і танцавальныя калектывы. Налета арганізатары плануюць паменшыць колькасць выканаўцаў, каб даць магчымасць кожнаму ўдзельніку выступіць з больш доўгай праграмай.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя