BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія майстры сабраліся ў Вільні

У Вільні каля Беларускага дома, дзе месціцца музей Івана Луцкевіча, на выходных прайшоў кірмаш майстроў. У ім удзельнічалі рамеснікі не толькі з Літвы, але таксама з Беларусі і Польшчы.

Паводле арганізатараў, кірмаш стаў не проста гандлёвай пляцоўкай, а месцам культурнага абмену і падтрымкі традыцый. Госці мерапрыемства маглі набыць вышыванкі, керамічныя вырабы, упрыгожанні ручной працы і іншыя творы народнага мастацтва.

Пра кірмаш распавядаюць майстры:

– Было шмат замежнікаў. На розных мовах размаўлялі – на ангельскай, на гішпанскай, на польскай. Сёння лепш за ўсё прадаваліся ружовыя рэчы, таму што ў горадзе быў фестываль халадніку. І вось ружовых рэчаў трэба было браць болей.

– Кірмаш вельмі вясёлы. Станоўчы. Многія прыходзяць апранутыя у ружовым колеры. Усе з усмешкай. Усе цікавяцца тэматыкай фестывалю.

На думку каардынатаркі Беларускага дома Марыны Абрамовіч, кірмаш здолеў аб’яднаць не толькі беларусаў Вільні, але і гасцей гэтага гораду:

– Чым цікавяцца нашыя людзі? Дранікамі, канешне.

РР: Апроч дранікаў яшчэ штосьці купляюць? Ці не купляюць на такім кірмашы?

– Канешне, купляюць. Але тавары мусяць быць не зусім дарагія. Але ўсе задаволеныя. Майстры задаволеныя, што нешта прадалі, пакупнікі нашыя таксама вельмі задаволеныя. Надвор’е нарэшце нас парадавала. Плюс да таго сёння такі вядомы ў горадзе фэст, усе ў горадзе спрабуюць пагуляць. Нарэшце сонейка вызірнула. Таму ўсё добра атрымалася.

Шматлікія ўдзельнікі фэсту адзначылі, што такія падзеі дапамагаюць захоўваць культурную спадчыну і пашыраць беларускую прысутнасць у замежжы. Наступны кірмаш у Вільні плануецца правесці ўжо гэтай восенню.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя