Чарга легкавых аўтамабіляў, якія едуць у Польшчу праз пункт пропуску Берасце, павялічылася за мінулыя выхадныя ўдвая і на 4 жніўня складала больш за 2.000 машын, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

“Пасля рэгістрацыі ў электроннай чарзе кіроўцам даводзіцца чакаць выкліку ў пункт пропуску больш за трое сутак. Нерытмічнасць прыёму польскімі кантралюючымі службамі аўто, якія прыбываюць з Беларусі, толькі нарастае”, — заяўляе ведамства.
Сцвярджаецца, што “толькі 30% ад магчымай колькасці аформіў польскі бок за папярэднія суткі”. “Такая карціна”, адзначае мытны камітэт, назіраецца апошнія тры дні, а колькасць транспартных сродкаў, якія выязджаюць у гэтым кірунку, павялічваецца”.
Вялікія чэргі на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу ўзнікаюць рэгулярна. Як правіла, адказнасць за гэта беларускі бок ускладае на службы сумежных дзяржаў, якія скарацілі колькасць памежных пунктаў пропуску.
Адна з прычын гэтага скарачэння – міграцыйны крызіс, які працягваецца на мяжы з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
Беларускае Радыё Рацыя






