Польскія памежнікі затрымалі дзевяць замежнікаў, якія парушылі правілы знаходжання ў краіне. Сярод іх адзін грамадзянін Беларусі, паведамляе Польскае памежнае ведамства.

Сярод затрыманых таксама інданезіец, індыец, грузін і пяць грамадзян Калумбіі. Падчас праверкі двое грамадзян Калумбіі прад’явілі дакументы, якія пацвярджаюць, што яны з’яўляюцца студэнтамі ў адным з універсітэтаў у Мазавецкім ваяводстве. Па гэтых дакументах яны былі прынятыя на працу на ферму па гадоўлі свіней. Вучоба ва ўніверсітэце дазволіла ім не атрымліваць дазвол на працу. Аднак яны так і не прыступілі да вучобы.
Іншыя затрыманыя не прадставілі ніякіх дакументаў, якія даюць ім права на законнае знаходжанне ў Польшчы.
“У дачыненні да шасці чалавек былі вынесеныя рашэнні, якія абавязваюць іх вярнуцца на радзіму на працягу 30 дзён і забараняюць ім паўторны ўезд у Шэнгенскую зону на тэрмін ад аднаго да двух гадоў. У дачыненні да трох асоб яшчэ не завершаныя службовыя расследаванні, паведаміла памежная служба.
Беларускае Радыё Рацыя






