BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы, атрымаўшы ўкраінскае грамадзянства, згубяць беларускае

Беларусы, якія захочуць атрымаць украінскі пашпарт, не змогуць захаваць грамадзянства Беларусі. Іх будзе правяраць СБУ.

У сераду Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла змены ў закон аб грамадзянстве. Па словах народнага дэпутата Украіны, намесніка старшыні камітэта Вярхоўнай Рады ў пытаннях правоў чалавека Руслана Гарбенкі, «калі асоба не будзе мець нічога супольнага з краінай-агрэсаркай, а будзе пражываць на тэрыторыі Украіны неабходны час, здасць іспыт па ўкраінскай мове, гісторыі Украіны, на веданне Канстытуцыі, будзе мець праўкраінскую пазіцыю, тады зможа атрымаць грамадзянства».

Дэпутат дадаў, што закон асобна рэгламентуе механізм атрымання грамадзянства грамадзянамі Беларусі і Расея, якія трапілі пад палітычныя рэпрэсіі, а таксама грамадзян, якія ваююць у замежным легіёне.

«Такія асобы не могуць афіцыйна адмовіцца ад грамадзянства Расеі і Беларусі, бо не могуць вярнуцца ў свае краіны, аформіць неабходныя дакументы для спынення грамадзянства. Таму мы надаем такім асобам права декларатыўнай адмовы», — дадаў Гарбенка.

Беларускае Радыё Рацыя