9 жніўня ў грузінскім Батумі на плошчу Еўропы выйшла некалькі дзясяткаў чалавек, каб адзначыць Дзень Годнасці.
Беларускія актывісты разам з актывістамі супольнасці “Майдан Батумі” трымалі плакаты і нацыянальныя сцягі, распавядалі пра падзеі 2020 года.
Прысутныя таксама ўзгадавалі пра важнасць такіх акцыі ў любой частцы свету, дзе ёсць беларусы:
– Па-першае, таму што тыя, хто на Радзіме, яны выйсці не могуць. Таму гэта наш напэўна абавязак. Мы хаця б гэта можам сабе дазволіць. Мы павінны падтрымліваць, бо Беларусь наша Радзіма.
– Так мы нагадваем, што ніякая старонка не перагорнутая – гэта адзін пункт. Другі пункт, вельмі важна расказваць, хто мы такія і чаму мы цяпер тут.
Кажа гісторык і журналіст Аляксей Мядзьведзь:
У 2020 годзе адбыўся карэнны пералом у ідэнтычнасці беларускага народу. Да гэтага нейкія ўсплёскі былі бачныя толькі з году ў год, у пэўныя даты. Уся краіна паднялася пасля падзей 9-га жніўня. Гэта быў даволі моцны эфект, які спрацаваў не толькі за межамі Беларусі. Я лічу, што тады беларусы адчулі сябе паўнавартаснай нацыяй.
Прадстаўнік украінскай дыяспары ў Батумі Аляксей Севярыненка лічыць, што падзеі ў Беларусі 2020 не скончыліся :
– Барацьба трывае. Пытанне волі для Беларусі і для Украіны – гэта першачарговае пытанне. Мы ў адрозненні ад нашага суседа ведаем, што такое воля. Воля – гэта здольнасць браць адказнасць на сябе за будучыню краіны.
Акцыя пад назвай Дзень Годнасці таксама адбывалася і ў сталіцы Грузіі Тбілісі. Па неафіцыйных дадзеных, на тэрыторыі Грузіі зараз знаходзіцца больш за 10 тысяч беларусаў, якія пераехалі сюды пасля падзей 2020 году.
Беларускае Радыё Рацыя