
9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся выбары і на вуліцы выйшлі людзі, якія былі незадаволеныя абвешчанымі ўладамі вынікамі. Пра тыя падзеі ўзгадваюць беларусы Батумі. Кажа актывіст Аляксандр:
– Пачуццё светласці, нейкага свята, гледзячы на “светлы бок”, на “светлых людзей”. Больш чамусьці прыгадваю “светлых людзей”, гэтыя маршы. Такое свята было, здавалася вось-вось і ўсё, але не атрымалася. Я лічу, што кветачкамі і балонікамі не даб’ешся свабоды. Але ў нейкі момант я адчуў, што можа вось яно, асабліва каля стэлы.
Па словах актывісткі Вольгі, якая больш за два гады жыве ў Батумі, трэба памятаць гэты дзень:
– Гэта дзень, калі мы ішлі, спадзяваліся і верылі, што ўсё ж такі мы зможам, гэта магчыма. Недзе павінна быць нейкая справядлівасць, каб мы маглі сябе адчуваць людзьмі, каб маглі рабіць выбар, каб за нас не вырашалі.
Беларусы Грузіі выйдуць на акцыі ў двух гарадах. Шэсце і мітынг пройдзе ў Тбілісі, а беларусы Батумі выйдуць на інфармацыйны пікет, які адбудзецца на плошчы Еўропы.



Беларускае Радыё Рацыя