Грамадзяне Беларусі апынуліся на другім месцы, пасля ўкраінцаў, сярод замежнікаў, якія набываюць кватэры і зямельныя ўчасткі ў Польшчы. Гэта вынікае са справаздачы міністра ўнутраных справаў Польшчы аб набыцці ў мінулым годзе нерухомасці ў краіне іншаземцамі.

Беларусы і кампаніі з беларускім капіталам летась набылі ў Польшчы амаль дзве тысячы жылых і камерцыйных памяшканняў, паведамляецца ў справаздачы. Гэта на 36,1% больш, чым год раней.
Больш за беларусаў нерухомасць у Польшчы набывалі ўкраінцы – яны купілі амаль сем тысяч памяшканняў.
У якасці прычынаў, якія паспрыялі росту колькасці замежных здзелак па набыцці нерухомасці і зямельных участкаў, у справаздачы міністра ўнутраных справаў адзначаюцца два фактары: пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў лютым 2022 года і пачатак з 3 ліпеня 2023 года польскай урадавай праграмы бяспечнага крэдытавання пад 2%. Большасць такіх іпатэчных крэдытаў атрымалі ўкраінцы (2215 чалавек) і беларусы (492).
Беларускае Радыё Рацыя