Беларусы Літвы правядуць сёння ў Вільні акцыю ў падтрымку Васіля Верамейчыка і на знак пратэсту супраць рашэння адмовіць яму ва ўездзе ў Еўрапейскі саюз. Яна пройдзе перад офісам Еўракамісіі, піша LRT са спасылкай на Офіс Святланы Ціханоўскай.

Акцыя арганізавана ў абарону гонару і жыцця Верамейчыка, беларуса, які ваяваў за Украіну, гаворыцца ў паведамленні.
«Цяпер ён захоплены КДБ Лукашэнкам у В’етнаме, куды ён адправіўся пасля таго, як Літва абвясціла яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і заблакавала ягоны ўезд у ЕЗ на 30 месяцаў. У Беларусі яму пагражае ад 20 да 25 гадоў пазбаўлення волі ці нават смяротнае пакаранне», – гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, што 20 лістапада стала вядома пра затрыманне і экстрадыцыю з В’етнама былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка. Да гэтага Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд у Еўразвяз.






