Беларусы Варшавы ўсё больш цікавяцца метадамі самаабароны. Гэта стала нагодай для сустрэчы з трэнерамі ў Беларускім Моладзевым Хабе на Канстытуцыі, 6 (Беларуская прастора «Робім разам»), якія могуць перадаць свае веды па самаабароне.

Гаворыць адзін з трэнераў Вадзім Тымчак (прозвішча змененае):
-Тайскі бокс – гэта, на мой погляд, самая рэальная, самая практычная тэхніка для вуліцы. Маю такі вялікі жыццёвы досвед і ведаю, як сябе абараніць. І таму была такая прапанова з боку маіх знаёмых і сяброў, ці не стварыць такія курсы самаабароны.
Па словах удзельнікаў сустрэчы, падзеі, звязаныя з нападамі на беларусаў, падштурхоўваюць да набыцця ведаў і навыкаў па самаабароне:
-У смутны час жывем, таму трэба, як штосьці здараецца, каб псіхалагічна нават быць гатовымі. Трэба ўмець у цяперашнія часы абараніць сябе ў розных сітуацыях.
Паводле трэнераў, апроч тэарэтычных і практычных заняткаў па самааабароне, людзі атрымаюць веды рэгулявання самаабароны згодна з польскім заканадаўствам, а таксама будуць азнаёмлены з метадамі аказання першай медыцынскай дапамогі.


Беларускае Радыё Рацыя






