
У Вільні 24-25 кастрычніка мясцовая беларуская супольнасць сустракалася з вучнямі і настаўнікамі ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча з Бельска Падляшскага. Прадстаўнікі ліцэя ў першы дзень наведалі беларускую гімназію імя Францыска Скарыны, а ў другі дзень віленскае Таварыства беларускай культуры зладзіла разам з імі цудоўны канцэрт. На сустрэчу прывітаць беларусаў прыйшоў і віцэ-спікер Сейма Літвы Жыгімантас Павілёніс.


Як кажа галоўны арганізатар імпрэзы, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч, ініцыяваў сустрэчу ліцэй, ім было важна наведаць магілу першага дырэктара і пазнаёміцца з беларусамі Вільні:
– Яны вырашылі арганізаваць гэта ўсё праз наша таварыства, гэту паездку. Асноўная задача – гэта завязванне новых кантактаў і стасункаў паміж Бельскам і Вільняй. Гістарычна і так у нас шмат агульнага.

Паводле дырэктаркі ліцэя імя Тарашкевіча Іаанны Якімюк, спонсарам іх паездкі ў Вільню стаў яе аднакласнік:
– Падумала, што трэба сабраць нашу моладзь і сустрэцца ў Вільні з маладымі беларусамі. З’явіўся такі шанец, калі мой аднакласнік з часоў школы сказаў, што заплаціць, каб моладзь сустрэлася. На жаль мы не можам паехаць у Беларусь, але вельмі цешымся, што маглі сустрэцца з беларусамі, якія як і мы, адчуваюць сувязь з Беларуссю.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Падчас імпрэзы ў Доме нацыянальных згуртаванняў можна было паглядзець выставу, прысвечаную 80-годдзю Бельскага ліцэя і постаці першага яго дырэктара Анатоля Тымінскага. Яна будзе працаваць у Вільні яшчэ два тыдні.





























Беларускае Радыё Рацыя








