BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы Вільні знаёміліся з традыцыямі святкавання Масленіцы

З беларускімі традыцыямі святкавання Масленіцы знаёміліся віленскія беларусы 2 сакавіка ў творчай прасторы “Кропка”. Таксама там ладзіліся супольныя спеўкі масленічных песень з розных рэгіёнаў Беларусі.

Арганізавала імпрэзу выканаўца беларускіх традыцыйных спеваў і знаўца беларускага фальклору спадарыня Паліна. Яна зазначыла, што ў асноўным гэтае свята звязана з аграрнымі абрадамі, але і сацыяльнымі, любоўна-шлюбнымі.

– І вось Масленіца – гэта адно з такіх святаў, калі амаль прамым тэкстам казалі, што хто не жаніўся, то той “с..ін  сын”.  Быў такі абрад як вешанне калодкі, гэтым займаліся замужнія жанчыны. Яны маглі пераапранацца ў дзядоў, “бабоў”, рабіць нейкі грым – клеіць вусы, абмазвацца сажай. І вось яны хадзілі па вёсцы і ўсіх нежанатых хлапцоў абвешвалі калодкамі. Гэта быў такі ім знак, што ім пара ўжо жаніцца і ствараць сям’ю.

Як зазначае спадарыня Паліна, Масленіца адзначаецца за 8 тыдняў да Вялікадня і з’яўляецца рухомым святам. Гэта старажытнае свята, якое сімвалізуе праводзіны зімы, сустрэчу вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю i дабрабыту ў гаспадарцы.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя