
Збор сродкаў амаль завершаны — адзначаюць сябры Грамадскай ініцыятывы па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку. Да завяршэння збору, які вядзецца на платформе Gronka, засталося тры дні, але ўжо цяпер можна сказаць, што пахаванні беларусаў на праваслаўных могілках Усіх Святых будуць захаваныя. Пра гэта Яна Запольская размаўляе з краязнаўцам, супрацоўнікам Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, сябрам названай ініцыятывы, Аляксеем Трубкіным.
РР: Пры мікрафоне Яна Запольская, і сёння наш госць — краязнаўца, супрацоўнік Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Аляксей Трубкін. Добры дзень.
— Добры дзень.
РР: Будзем гаварыць пра збор сродкаў на захаванне пахаванняў беларусаў на праваслаўных могілках Усіх Святых у Беластоку. Збор завяршаецца. Аляксей, ці можна сказаць, што ён ужо паспяховы?
— Так, можна сказаць, што ён цалкам паспяховы. Сабраная ўся патрэбная сума на аплату наступных 20 гадоў за чатыры магілы. Плюс у нас застануцца сродкі на аднаўленне помніка Сяргея Богуша, які ў вельмі дрэнным стане. І, імаверна, таксама застануцца сродкі на дадатковыя інфармацыйныя шыльды, якія мы плануем усталяваць побач з магіламі.
РР: Я толькі нагадаю, што гаворка ішла пра пахаванні Кастуся Кіслага, Лявона і Сяргея Богушаў, Мікалая Чарнецкага. Гэта найперш пра гэтыя пахаванні?
— Так, так, так. Перш за ўсё — Мікола Чарнецкі, Кастусь Кіслы — гэта найбольш вядомыя сярод гісторыкаў асобы. Ну, і менш вядомыя — Лявон і Сяргей Богушы.
РР: А чаму ўвогуле ўзнікла такая патрэба? Можаце сказаць некалькі словаў для нашых слухачоў, якія не ведаюць? Бо гэта не вельмі старыя пахаванні. Чаму было трэба збіраць гэтыя сродкі?
— Ну, скажам так, гэта выбітныя дзеячы, можа быць, пра якіх большасць амаль нічога не ведае, але яны зрабілі вялікі ўнёсак у захаванне беларускай культуры, у беларускую справу ўвогуле. Гэта перадусім 1930-я — міжваенныя гады. Але калі казаць пра Кастуся Кіслага, то ён шмат зрабіў у эміграцыі, быў актыўным дзеячам у Бельгіі, кіраваў хорамі ў Злучаных Штатах. Ну, а пасля 1970-х гадоў быў вымушаны вярнуцца на радзіму і пахаваны тут.
РР: Значная частка сабраных грошай ідзе на аплату арэнды зямлі, дзе гэтыя пахаванні. Я так разумею, што цяпер няма сваякоў, якія маглі б гэта зрабіць, і таму грамадства ўзяло гэтую справу на сябе?
— Так, ні ў кога з іх не засталося сям’і. У некаторых нават былі запазычанасці за дзясяткі гадоў. Гэта ў сваю чаргу цягнула за сабой рызыку, што на гэтых месцах маглі б быць пахаваныя іншыя людзі, а старыя магілы былі б страчаныя.
РР: Я таксама знайшла інфармацыю, што самая старая запазычанасць цягнецца ажно з 1974 года.
— Так, дакладна. Апошняя аплата — найстарэйшая. На жаль, невядома, хто займаўся пахаваннем і хто аплачваў. На той час сям’я была, але не ўдалося знайсці дакладнай інфармацыі. Таму беларуская грамада змеркавала ўзяць патранаж над магіламі беларускіх дзеячаў і развязаць гэтую справу.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






