У цэнтры грузінскай сталіцы Тбілісі каля канцэлярыі грузінскага ўраду адбылася акцыя, у якой прыняло ўдзел некалькі беларускіх актывістаў, якія вырашылі выказацца пра парушэнне сваіх правоў ў Грузіі.
Пра асаблівасці акцыі распавядае праваабаронца Раман Кісляк :
– Правялі такую кароткую двухгадзінную акцыю супраць расавай дыскрымінацыі беларусаў па пытанні атрымання прытулку тут у Грузіі.
РР: Чаму вы называеце гэта расавай дыскрымінацыяй? Не па нацыянальнай прыкмеце, а расавай?
– Ёсць канвенцыя па ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, і там расавая дыскрымінацыя разумеецца шырэйшае чым мы абвыклі. Расавая дыскрымінацыя гэта не толькі дыскрымінацыя па прыкмеце расы, колеры скуры, а таксама па нацыянальнай ці этнічнай прыкмеце.
Па словах праваабаронцы паліцыя паставілася вельмі прыязна да пікетоўцаў:
– Адразу паліцыя падышла, праверылі дакументы, высвятлялі што як і чаму. Амаль усю акцыю мы паліцыянтам распавядалі як мы ў Беларусі жывем і што нам пагражае. Яны былі вельмі здзіўленыя бачачы толькі ролікі з Лукашэнкам, як ён лае чыноўнікаў.
Праваабаронца лічыць, што беларусаў вельмі мала падаеццца на статус «міжнароднай абароны» ў Грузіі і гэта звязана з тым, што большасць беларусаў падаецца на від на жыхарства, ці спрабуе ездзіць «абнуляць» сваё знаходжанне ў Грузіі ў бліжэйшыя краіны. Агулам на такі статус падалося каля 60 беларусаў.
Беларускае Радыё Рацыя