У Беластоку ўжо ў 16-ты раз распачаўся фестываль «PODKoffA», арганізаваны беластоцкім аддзяленнем Польскай чыгункі.

Мерапрыемства ладзіцца ў незвычайнай лакацыі — майстэрнях па рамонце цягнікоў і дрызінаў. Фэст прапануе праграму як для дзяцей, так і для дарослых. Маленькія наведнікі змаглі паўдзельнічаць у ранішніх забавах, паглядзець тэатральныя пастаноўкі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з незвычайнымі цягнікамі і вагонамі, якія ў звычайны дзень не ўбачыш на станцыях Беластока.
Як кажа Анджэй-Яцэк Керман, дырэктар беластоцкага аддзялення Польскай чыгункі, фэст «PODKoffA» — гэта нагода зірнуць на чыгунку не як на шэрую будзённасць, а як на тое месца, дзе рухаюцца мары, дзе гукі лакаматываў становяцца фонам для сямейных прыгод і дзіцячых усмешак.
– Сустракаемся мы 16-ы раз. Запрашаем дзяцей, каб маглі агледзець найноўшую чыгуначную тэхніку. Будзе таксама падвіжны састаў для паліцыі, для памежнай службы. Пакажам дзецям рэчы, якія на штодзень не пабачыш. Гэта сучасныя дрызіны, падвіжны састаў для ратавальнікаў, цягнік для ратавальнай службы.

Па словах прадстаўніка прэс-службы Польскай чыгункі Томаша Латоўскага, фэст будзе цікавы не толькі дзецям, але і дарослым:
– У другой частцы сённяшняга дня чыгуначнай тэхнікі будзе канцэрт. Мы традыцыйна арганізоўваем штогод канцэрты ў чэрвені. Бо гэта такая сустрэча і з чыгункай, і з культурай. Наша фестывальная праграма называецца «PODKoffA», яна падкрэслівае клімат нашых сустрэч і канцэртаў.
Канцэртная частка фэсту ў атмасферных чыгуначных майстэрнях Беластоку будзе гучаць да самай ночы — пад грукат калёс і святло пражэктараў. Польская чыгунка запрашае ўсіх далучыцца да святочнага руху, дзе музыка сустракаецца з металам і фантазіяй.
Цалкам матэрыял:




Беларускае Радыё Рацыя






