Працэс дэкамунізацыі ва Украіне быў афіцыйна распачаты вясной 2015 года, калі Вярхоўная Рада прыняла пакет адпаведных законаў. Тады, пасля Майдану 2014 года, «ленінапад» пранёсся не толькі па цэнтральных плошчах украінскіх гарадоў, але і па маленькіх вёсках. Дзядуля Ленін рознага калібру стаяў нават там, дзе не было сваёй школы і царквы.

Поўнамаштабная вайна дадала да дэкамунізацыі працэс дэрусіфікацыі. Пад знос патрапілі помнікі Пушкіну і Горкаму. У сваю чаргу, расейскія акупацыйныя ўлады на часова захопленых тэрыторыях пачалі аднаўляць манументы Леніну. Не кажучы ўжо пра помнікі харкаўскай “бабушке с советским флагом” і “мальчику в трусиках” са Славянска – міфы пра іх спрытна разнесла расейская прапаганда.
Нялюбоў украінцаў да Максіма Горкага пачалася яшчэ амаль сто гадоў таму, калі ягоны раман «Мать» пераклалі на ўкраінскую мову і перад выданнем даслалі аўтару для азнаямлення. Горкі выказаўся катэгарычна супраць, маўляў, не мае патрэбы ў перакладзе на “украинское наречие”.
У вёсцы Алішэўка на Чарнігаўшчыне, што ў пачатку актыўных баявых дзеянняў у вобласці моцна пацярпела ад расейскіх абстрэлаў, на чацвёртым годзе вайны вырашылі развітацца з помнікам пралетарскаму пісьменніку. Але зрабіць гэта арыгінальна – шляхам творчай трансфармацыі – перарабіць яго… у помнік украінскаму класіку Івану Франку. Візуальнае падабенства Горкага да Франка падкінула гэтую нестандартную ідэю. Знос помніка – справа затратная, асабліва для ваюючай краіны. Чаму б не скарыстацца падабенствам? Можа, варта было і раней задумацца: а раптам Ленін таксама падобны да кагосьці з вялікіх украінцаў? Без іроніі.
Ліза Ахроменка