BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Боль»

Словазлучэнне «камера катаванняў» у нармальнага чалавека асацыюецца з кашмарамі з мінулага і звязана з гістарычнымі падзеямі Сярэднявечча ці сталінізму. Катаванні як з’ява мелі месца і ў сучасным свеце, таму ў 1984 годзе ААН прыняла «Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання». Катаванні забароненыя міжнародным правам. Іх прымяненне крымінальна караецца амаль ва ўсіх краінах свету. Амаль ва ўсіх – дзікасць і табу.

Але калі нага рускага «освободителя» ступіла на ўкраінскую зямлю, Канвенцыя ААН страціла для яго ўсякі сэнс. З моманту дэакупацыі Харкаўскай і Херсонскай абласцей там былі выяўленыя камеры катаванняў – 28 і 20 адпаведна. У адной з катавальных у Херсонскай вобласці быў асобны пакой для непаўналетніх. Пацярпелыя дзеці расказвалі, што ім давалі ваду праз дзень, ежы амаль не было, іх запалохвалі і білі. Аднаго падлетка, якога затрымалі за тое, што ён фатаграфаваў разбітую расейскую тэхніку, некалькі разоў вадзілі на смяротную кару, дзе яму стралялі паверх галавы.

Напрыклад, у Харкаўскай вобласці каты старанна дакументавалі свае злачынствы: украінскія праваахоўнікі знайшлі журналы рэгістрацый, спісы і рапарты пра тое, якую працу прарабілі расейцы і калабаранты са сваімі ахвярамі. Дакументы не паспелі знішчыць з прычыны хуткай дэакупацыі вобласці.

Цяжка ўявіць, што прыйшлося перажыць украінцам у камерах катаванняў. Колькі такіх катавальняў яшчэ знойдуць праваахоўнікі, і колькі іх існуе на тэрыторыі РФ, куды вывозілі людзей, там здзекаваліся і потым вярталі ва Украіну? А скрынка з вырванымі зубамі нічога не нагадвае?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя