Больш за 37 мільёнаў злотых з фондаў Еўрапейскага звяза атрымаюць школы Беластоцкага функцыянальнага абшару на мадэрнізацыю прафесійнай адукацыі. Гаворка ідзе пра 14 навучальных устаноў, якія ўжо ў бліжэйшыя гады будуць прапаноўваць сваім навучэнцам больш сучасныя і практычна арыентаваныя праграмы падрыхтоўкі да працы.

Пра гэта заявіў прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі падчас падпісання адпаведнай дамовы:
– Праграма ахопіць каля 2000 вучняў. Каб выпускнік, які закончыць спецыялізаваную школу ў Беластоку, быў як найлепш падрыхтаваны да працы на карысць нашага горада, нашага ваяводства.
Сярод бенефіцыяраў — беластоцкія тэхнічныя, механічныя, будаўнічыя, гандлёвыя і аграрныя школы, а таксама ўстановы ў Лапах, Чорнай Беластоцкай і Заблудаве.
Бурмістр Заблудава Адам Туманек адзначае:
– Дастаткова запытаць прадстаўнікоў прадпрыемстваў і фірм, каго яны патрабуюць у сваіх фірмах, з якімі навыкамі. Гэты праект, спадзяюся, прычыніцца да супрацы не толькі асоб, які выйдуць на рынак працы, але і таксама нашых падляшскіх фірм.
Агульны кошт праекта складае амаль 42 мільёны злотых, з якіх больш за 37 мільёнаў — гэта фінансаванне з ЕЗ. Улады рэгіёну спадзяюцца, што вынікі праекта будуць адчувальныя не толькі ў Беластоку, але і ў малых населеных пунктах Падляшша.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






