
Украіне дапамагаюць не толькі беларускія дабравольцы палка Каліноўскага, Украіне дапамагаюць і беларускія жанчыны, якія пераганяюць аўтамабілі з Польшчы ва Украіну. Наша госця былая палітзняволеная Таццяна Астроўская займаецца гэтым паўтары гады. Мы даведаемся, чаму яна гэта робіць, наколькі небяспечная і нялёгкая такая валанцёрская праца:
РР: Спадарыня Таццяна, як доўга вы дапамагаеце Украіне? І чым вы дапамагаеце?
— Калі я толькі прыехала ў Варшаву, спачатку займалася перагонам аўтамабіляў па Польшчы, бо не было дакументаў. Гэта было з пункту А да Варшавы, машыны з правым стырном з Брытаніі. Тут яны рамантаваліся і ехалі ва Украіну — дзесьці паўтара года таму. Так выйшла, што ўпершыню я паехала ва Украіну ўжо з дакументамі. Гэта быў проста перагон машын. Як я лічу, тут няма нічога гераічнага ці незвычайнага. Гэта проста машына, набытая для Узброеных Сіл Украіны ці для нашых добраахвотнікаў — не важна для каго. Усё гэта — помач Украіне. Гэта проста перагон, проста аддаеш свой час для УСУ. Гэта так і называецца: аддаць час для Украіны. Бо ты пакідаеш тут сваю працу, дзіця, нехта аддае свой час, каб прыгледзець за маім дзіцём, а я проста пераганяю машыну.
РР: Чаму вы прынялі такое рашэнне?
— Гэта нармальная рэакцыя на поўнамаштабную вайну, якую развязала фашысцкая Расея. Таму гэта звычайнае, простае рашэнне адэкватнага чалавека, які не павінен заставацца ўбаку. Мы сапраўды павінны памагаць нашым хлопцам, нашым братам, нашай любімай Украіне. Тое, што Кіеў уваходзіць у топ любімых беларусамі гарадамі, — гэта факт. Бо ў многіх беларусаў звязанае з ім мінулае. У многіх там прайшла маладосць, у многіх — лепшыя моманты ўспамінаў. Гэта Кіеў, Адэса, Харкаў.
Але ёсць невялікі нюанс. Па пашпарце я беларуска. У мяне грамадзянства Беларусі, але нарадзілася я ў Харкаве. І таму для мяне няма іншага выбару. Гэта асабіста для мяне. А так я лічу, што мы, беларусы, павінны так рабіць. І гэта простая, звычайная і найбольш адэкватная рэакцыя на тое, што цяпер адбываецца.
РР: Скажыце, вось вам, жанчыне, гэтыя паездкі цяжка даюцца? І ў псіхалагічным плане, і ў фізічным.
— Так, цяжка, вядома. Але я не магу без Украіны. Мне цяжка, але калі мяне там няма месяц, мне дрэнна без яе. Гэта маё месца сілы, гэта мая радзіма. Я павінна туды паехаць. Проста павінна — не для кагосьці, не дзеля чагосьці, а для сябе. Таму, так, мне цяжка, так, я працую, так, я адна з дзіцём. Так, мне трэба пакінуць яго тут камусьці, каб нехта з ім заставаўся, вадзіў яго ў школу. Так, і пры гэтым, каб у халадзільніку штосьці засталося. Гэта ўсё звычайныя жыццёвыя пытанні. Але я хачу туды ездзіць. Гэта мая радзіма. Гэта мой дом, гэтак жа, як і Беларусь. Гэта мой дом. У мяне вось такі двухкватэрны дом атрымаўся.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З госцяй Беларускага Радыё Рацыя Таццянай Астроўскай размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя






