BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чарговы напад на польскага памежніка

Яшчэ адзін польскі памежнік паранены на мяжы з Беларуссю. У параненага дактары дыягнаставалі пералом асновы чэрапа, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Таксама ў мужчыны пашкоджаная вачніца, ёсць рызыка, што «вока не ўдасца ўратаваць», піша выданне. Стан памежніка медыкі ацэньваюць як цяжкі.

Фота: GazetaPrawna.pl

Пра тое, што чарговы супрацоўнік Памежнай аховы Польшчы атрымаў раненне на мяжы з Беларуссю, прэс-служба ведамства паведаміла раніцай 4 чэрвеня.

Інцыдэнт здарыўся 3 чэрвеня ў раёне Белавескай пушчы. Паводле Памежнай службы Польшчы, «група агрэсіўна настроеных людзей» ударыла яго па галаве галінай дрэва. Памежніка шпіталізавалі.

Пра напады мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Еўразвяз з беларускай тэрыторыі, на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў паведамлялі таксама 28 і 31 траўня.

Мігрантаў, у асноўным з Блізкага Усходу, мэтанакіравана завозяць у Беларусь, адкуль яны спрабуюць трапіць у Еўразвяз пераважна праз мяжу з Польшчай. Гэты крок разглядаецца як частка больш шырокай стратэгіі дэстабілізацыі ЕЗ і аказання ціску на яго краіны.