Пачатак лістапада ў Вільні пачаўся сцэнарыем з міцкевічаўскіх Дзядоў. Сама статуя Міцкевічуса ў Вільнюсе стаяла непахісна, але ўсё навокал лётала ад моцнага ветру. Лісце кружыла па мокрых тратуарах, а калі ўжо ўпала і прыліпла да бэтону, то стварала слізкую паверхню, на якой можна было коўзацца або забіцца.

Вільня гэтай пары года пусцее. Зусім не нагадвае тую, з перыяду вакацый, калі турысты і паломнікі з усяго свету запаўняюць вузкія вуліцы горада. Нават каталіцкае свята не прыцягнула людзей у горад, на які прэтэндуе некалькі нацый. 1 лістапада на Росах было мала людзей, а вецер настолькі моцны, што здавалася, зараз усе свечы, пастаўленыя вучнямі і дырэктарам Гімназіі імя. св. Яна Паўла ІІ, проста патухнуць і пападаюць з помнікаў.
Пры магіле сваіх бацькоў мужчына-літвін запальваў знічы. Была сярэдзіна дня, падаў дробны дождж, але пан-літвін рашуча падпальваў свае знічы.
‒ То ж тут зараз усё пагасне.
‒ Не пагасне, вечарам прыдзіце, то пабачыце колькі свеч гарыць.
Цяжка было паверыць, але пайшла яшчэ раз вечарам. І яшчэ раз не магла паверыць, што Вільня так апусцела. Калі ўжо некага было відаць на вуліцы, гэта былі развозчыкі ежы, найчасцей індусы, або мурыны, і людзі, якія, здавалася, ведалі навошта выйшлі і дакладна ведаюць, куды ім трэба дайсці.
Ізноў дзмуў вецер, ізноў пачаў падаць дробны, але густы дождж… але Росы былы цалкам асвечаныя светлымі агнямі. Вецер проста выў, на могілках было мала людзей, перш за ўсё маладзь, маладыя сужонствы, маладыя бацькі з дзяцьмі, якія смела ўздымаліся на ўзвышша, каб лепш бачыць каляровыя агеньчыкі. Ужо другі раз таго дня спынілася пры памятніку Францішку Аляхновічу. Калі запальвала зніч, таксама прыпынілася група маладых людзей. Беларусы.
























Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя






