ХХХІІ фестываль «Беларуская песня» завяршыўся гала-канцэртам у Падляшскай оперы і філармоніі.

Па традыцыі ў фестывалі ўзялі ўдзел лаўрэаты конкурсу – салісты, ансамблі і хоры, якія выконваюць беларускія народныя і аўтарскія песні ў самых розных стылях. У сёлетнім фестывалі з’явілася новая намінацыя – за шматгадовую руплівую працу і значны ўнёсак у захаванне і развіццё беларускай культуры. Права выступіць у гала-канцэрце як пераможца ў гэтай намінацыі атрымаў калектыў “Навіна” з Машчоны Каралеўскай.
Кажа арганізатар фестывалю, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень:
– Гэта вельмі заслужаны калектыў для беларускай песні і культуры. Ён дзейнічае ўжо шмат гадоў на гэтай ніве. І дзейнічае ў вельмі складаным асяроддзі, гэта поўдзень нашага Падляшша. З Машчоны Каралеўскай з гміны Мельнік, дзе праявы беларускай культуры нешматлікія. Тым больш такіх людзей трэба дацэньваць. А задума была такая, каб даць магчымасць выступіць на гала-канцэрце тым калектывам, якія ў сваіх магчымасцях не ў змозе прабіцца. Але для іх гэта таксама важна. Вырашылі ў галоўным праўленні, каб кожны год, з гэтага году, аднаму такому калектыву даць магчымасць выступіць на гала-канцэрце.
Ужо трэці год запар у гала-канцэртах “Беларускай песні” ёсць танцавальны акцэнт, дзякуючы ўдзелу запрошанага госця – ансамбля “Падляшскі вянок”.
Кажа кіраўнічка ансамбля Аксана Прус:
– Я лічу, што гэта наша супольная справа – беларускія песні і танцы павінны быць разам. У Польшчы, так склалася гістарычна, больш вакальных калектываў. Можна сказаць, няма танцавальных беларускіх калектываў. Думаю, што будуць гэтыя калектывы паяўляцца. Трэба гэтым пачынаць займацца. Я думаю, што мае вучні праз нейкі час будуць гэтым займацца, таму што песні не можа быць без танца, а танца не можа быць без песні.
У сёлетнім гала-канцэрце ўзялі ўдзел 24 лаўрэаты конкурсу “Беларуская песня”.
Беларускае Радыё Рацыя






