Беларускія кліматолагі папярэджваюць: ужо да сярэдзіны стагоддзя паўнавартасная зіма з устойлівымі маразамі можа скараціцца да аднаго месяца, а метэаралагічнае лета будзе захопліваць частку мая і верасня.

Прадстаўнік Альянсу «Зялёная Беларусь» Уладзіслаў Шумак тлумачыць, ці стала адсутнасць снежных святаў новай «нормай» і да чаго варта рыхтавацца:
– Можна, але гэта вельмі розныя рэгіёны, таму што зараз ідзе арктычная паветраныя масы з паўночнага ўсходу і ўжо сёння ў Віцебскай вобласці тэмпература была ніжэй нуля. Самае галоўнае, калі гэтыя паветраныя масы сутыкнуцца з вільготнымі паветранымі масамі – то вось тады і выпадзе снег. Так што ў бліжэйшыя дні дзесці ў цэнтральнай частцы Беларусі снег магчымы. А ці дабярэцца ён да Падляшша і наогул да тэрыторыі Польшчы, гэта ўжо вялікае пытанне. Таму што нельга сказаць, як моцна будзе гэтае кантынентальная паветраная маса ўплываць на гэтую ўсю тэрыторыю. У Беларусі трошкі снегу можа быць, але ў Польшчы хутчэй за ўсё на асноўнай частцы не будзе.
Па словах эксперта, кліматычныя ўмовы ў краіне ўсё больш нагадваюць тыя, што раней былі на поўначы Украіны. Гэта змяняе не толькі надвор’е, але і сельскую гаспадарку, лясы і штодзённае жыццё людзей. Асабліва пад пагрозай апынаюцца ельнікі: елкам патрэбна халодная, снежная зіма, і без устойлівага снежнага покрыва яны становяцца больш уразлівымі да засухі і шкоднікаў.
Беларускае Радыё Рацыя






