У Эстоніі заявілі, што працягнуць выдаваць від на жыхарства ўкраінцам нават з пратэрмінаванымі пашпартамі, паведамляе unian.net.
ERR піша, што ва ўкраінскім пасольстве незадаволены гэтым рашэннем. “На момант поўнамаштабнага ўварвання заканадаўства аб ваенным уліку не было дасканала прапрацавана. Таму цяпер, скажам так, праходзіць этап абнаўлення даных. І як дзяржава Украіна абавязана ведаць, хто дзе знаходзіцца і які мабілізацыйны рэсурс у нас ёсць”, – сказаў пасол Украіны Максім Кананенка.
У Міністэрстве ўнутраных спраў Эстоніі гавораць, што не бачаць прычын адбіраць у чалавека права на пражыванне ў краіне, калі ён не парушае закон. “Від на жыхарства звязаны не з пашпартам, а з чалавекам. Калі ў чалавека ёсць права жыць у Эстоніі, то прадаўжаць свой від на жыхарства можна”, – сказаў кіраўнік аддзела міграцыйнай палітыкі Янек Мягі.
Віцэ-канцлер МУС Ёазэп Каазік расказаў, што сёлета Дэпартамент паліцыі і пагранаховы значна часцей патрабуе ваенны білет ад суіскальнікаў віду на жыхарства, аднак гэта не азначае, што яго адсутнасць будзе вырашальнай у выпадку прыняцця негатыўнага рашэння.
У пачатку года прэм’ер-міністр краіны Кая Каллас расказала, што абмяркоўвала з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім пытанне вяртання ўкраінцаў у краіну.
Яна заявіла, што Эстонія не пойдзе на гэта, паколькі тут грамадзяне Украіны атрымалі часовую абарону і не могуць быць дэпартаваны. Калас перакананая, што Украіна павінна працаваць над тым, каб людзі самі вярталіся дадому.