Новы госць Радыё Рацыя — украінскі журналіст, вайсковы карэспандэнт Іван Анціпенка. Гутарым з ім пра тое, ці прыстасавалася ўкраінскае грамадства да пастаянных абстрэлаў энергетычных аб’ектаў, як з наступствамі атак даюць рады ўлады Украіны і камунальныя службы. А таксама пра тое, чаго чакаць краіне ў два бліжэйшых месяцы зімы. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.

РР: Першае пытанне: што цяпер адбываецца ва Украіне? Ці можна сказаць пра тое, што Расея зноў выкарыстоўвае і працягвае выкарыстоўваць вузкаспецыялізаваную тактыку абстрэлаў энергетычных аб’ектаў?
— Мы бачым, што гэтая тактыка цягнецца ўжо больш за год, нават больш за два гады. Можна сказаць, што з самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання аб’екты энергетыкі сталі прыярытэтнымі мэтамі. Я, як просты жыхар краіны, адчуваю на сабе, што пасля кожнага масавага ракетнага ўдару па энергетычнай інфраструктуры адбываюцца экстранныя аварыйныя адключэнні. Уводзяцца чэргі, каб падаваць электраэнергію як для насельніцтва, так і для аб’ектаў сацыяльнай сферы: больніцаў, іншых устаноў, якія павінны працаваць бесперапынна. Людзі спраб уюць як-небудзь прыстасоўвацца, шукаць спосабы, як быць з электрычнасцю.
Але за гэты час я бачу, што людзі і дзяржава, дзякуючы падтрымцы сяброўскіх краін, здолелі наладзіць сітуацыю так, каб не было поўнага блэкаўту. За рэдкімі выключэннямі, пасля такіх удараў праз дзень-два сітуацыя наладжваецца, максімум праз тыдзень. Але такога, каб пяць ці чатыры дні не было электрычнасці, не было, у прынцыпе, за выключэннем некалькіх, магчыма, раёнаў ці асобных аб’ектаў.
РР: Давайце для нашых слухачоў удакладнім: такія адключэнні цягнуць за сабой шэраг нязручнасцяў. Калі няма святла, гэта азначае, што часта няма вады і ацяплення.
— Сувязі таксама няма. Як толькі на доўгі час знікае электраэнергія, адразу ўзнікаюць праблемы з доступам да інтэрнэту і мабільнай сувязі. Гэта таксама нядобрая сітуацыя, бо генератары, якія выкарыстоўваюць аператары мабільнай сувязі на базавых станцыях, маюць пэўны запас магутнасці і зарад акумулятараў. Калі гэта доўга цягнецца, сувязь таксама доўга не аднаўляецца. Нібыта на тэлефоне паказвае, што сігнал добры, але на самой справе яго няма. Гэта вельмі важна.
РР: То бок, праблемы ўзнікаюць не толькі з Wi-Fi, але і з мабільнай сувяззю.
— Wi-Fi — гэта як Wi-Fi, калі ёсць магчымасць выкарыстоўваць розныя валаконна-аптычныя каналы для доступу да інтэрнэту, то гэта лепшы варыянт. Але мабільная сувязь і мабільны інтэрнэт, напрыклад, 3G ці 4G, вельмі дрэнна працуюць, калі адбываюцца ракетныя ўдары, і праз іх знікае электрычнасць потым.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Іван Анціпенка нагадвае, што варта дапамагаць вайсковым, каб прыспешыць перамогу Украіны ў гэтай вайне, бо толькі ад іх яна і залежыць.
Беларускае Радыё Рацыя






