У эміграцыі ўсё стае на свае месцы, усё празрыста, бо няма наслаенняў, звязаных з падводнымі плынямі палітычнага працэсу. Бо і палітычнага працэсу няма, эміграцыя – гэта жыццё ў гасцях.

Госці – гэта толькі на першым этапе фармавання новай ці абнаўлення старой дыяспары. З часам эмігранты робяцца грамадзянамі краіны прыбывання. Таму празорлівыя палітыкі краіны, якая прымае новапрыбылых замежнікаў, наўперад пачынаюць шукаць будучых магчымых саюзнікаў.
Тэму чым займацца «дэмсілам» у эміграцыі я ўзяў пасля праслухоўвання дыскусіі двух маладых палітычных аналітыкаў у гасцях у папулярнай у сваім сегменце ютубу відэаблогеркі.
Адзін аналітык усё хіхікаў і ў глумлівай форме ледзь не зларадстваваў, маўляў, ну што «дэмсілы», даскокаліся, няма ў вас перспектываў. Так, – казала вядоўца, – хай ідуць працаваць ці няўрадавыя арганізацыі створаць – каб за гранты жыць.
У кожнай краіне ў кожным палітычным працэсе ёсць свае палітычныя шарлатаны і нават палітычныя бамжы.
Лукашэнкаўскі тэрор і адпаведна вымушаная эміграцыя акурат шарлатанам перакрыла шляхі атрымання бонусаў. Бо шарлатан зарабляе свае «галачкі» толькі ў мутнай вадзе.
Мяркую, тое, чым цяпер займаюцца абстрактныя дэмакратычныя сілы за мяжой – гэта вывучэнне сітуацыі, якая залежыць ад некалькіх фактараў.
Напыклад, людзі аўтаматычна яшчэ жывуць рэаліямі Беларусі на момант свайго выезду. Але нават рэпрэсіі не застаюцца статычнымі. Беларусы вучацца бараніцца інфармацыйна, а большасць рэпрэсіяў пакуль базуецца на няўменні чалавека карыстацца інтэрнэтам і гаджэтамі, не пакідаючы слядоў.
Што ім можа прапанаваць умоўны палітык з-за мяжы? Пакуль нічога.
Не, вядуцца размовы пра ціск на рэжым, пра спробы гандлю закладнікамі, але ў такім фармаце ці доўга чалавек за мяжой можа заставацца «палітыкам»?
Палітыка – справа і тактычная, і стратэгічная. Стратэгічна трэба вызваліць Беларусь ад фактычна акупацыйнага рэжыму. Але справа гэтая звязаная з геапалітыкай.
Магчыма, цяпер і праўда не час для рэзкіх рухаў, каб заявіць сябе Чэрчылем, генералам Андэрсам ці генералам дэ Голем.
Але гуляцца ў людзей, якія рэпрэзентуюць усіх беларусаў, доўга не атрымаецца.
Святлана Ціханоўская застанецца сімвалам вольнай Беларусі ажно да наступных – вольных – выбараў прэзідэнта.
Астатнім людзям з палітычнымі амбіцыямі варта пакуль падумаць як стаць прадстаўнікамі арганізаванай беларускай супольнасці ў Еўразвязе.
Беларускае Радыё Рацыя