BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чым займаецца ТБМ у Лодзі?

Акустычныя канцэрты, пікнікі, адзначэнне традыцыйных святаў, размоўныя клубы па нядзелях, кніжныя клубы, сустрэчы з пісьменнікамі, лекцыі ды шмат чаго іншага. Усё гэта пра дзейнасць Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў польскім горадзе Лодзь.

Падрабязней – у аповедзе нашага сённяшняга Госця Рацыі, старшыні Лодзьскага аддзела ТБМ Андрэя Захарэвіча ў гутарцы з Алісай Поль.

РР: Якія накірункі дзейнасці застаюцца для вас важнымі і актуальнымі і чаму менавіта так?

Андрэй Захарэвіч: Таварыства моцна абмежаванае па фінансах, колькасць сяброў, на жаль, не дазваляе пачаць самыя буйныя праекты. Таму што мы па-сутнасці вымушаныя выбіраць паміж тым, што зараз проста важнае і тым важным, што мы ў стане зараз зрабіць. Дзякуючы фінансаванню грамадскага фонда імя Людвіка і Генрыха Вульцаф, мы зараз зможам праводзіць у Лодзі больш шчыльную серыю сустрэч з беларускімі творцамі, паэтамі і пісьменнікамі, музыкамі.

Да нас прыязджаў шэраг знакамітых і таленавітых людзей, з каторымі было вельмі цікава спаткацца. У нас ёсць зараз пэўнае фінансаванне пад праект, які складаецца з гэтага шэрагу сустрэч, у нас зараз была магчымасць гэтым займацца. Апроч таго, мы пераважна робім рэчы, якія не патрабуюць вялікага фінансавання, як рэгулярныя сустрэчы “Размоўны клуб”, то бок проста прастора, дзе можна камунікаваць па-беларуску бяспечна з людзьмі, якія не будуць сварыцца, а калі трэба падкажуць, калі не трэба – проста будуць побач і падтрымліваць у той час, калі ты пачынаеш размаўляць па-беларуску ці проста развіваеш, з каторымі проста цікава паразмаўляць.  

РР: Хто зараз наведвае вашы сустрэчы, сярэдні ўзрост і статус гэтых асобаў, дзеці, дарослыя?

Андрэй Захарэвіч: Збольшага гэта дарослыя, недзе ад 20 і вышэй. Моцна ўзроставых людзей я ў нас не бачыў за 60, і, на жаль, з дзецьмі прыходзяць не так часта, як мне хацелася б, таму што я сам хацеў бы ўдзельнічаць у сустрэчах з маімі хлопцамі, а без кампаніі ім не так цікава. Людзі самых розных прафесій, іх аб’ядноўвае цікавасць да беларускай мовы, культуры, да сваёй ідэнтычнасці. Па-сутнасці тут самы шырокі спектр інтарэсаў і ведаў, таму ў нас такое цікавае меркаванне на размоўных клубах, і на кніжных клубах. Таму ў нас разнастайная патрэба ў розных дзеяннях.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Адно з бліжэйшых буйных мерапрыемстваў у межах ТБМ у Лодзі – гэта выступ герояў беларускага року і блюзу гурту KRAMA. Яно адбудзецца ў прасторы “Jesteśmy” 17 ліпеня па адрасе Jaracza 13.

Беларускае Радыё Рацыя