BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ва Украіне дзейнічае дзяржаўны праект “Хачу да сваіх”

Ва Украіне ўжо год дзейнічае дзяржаўны праект “Хачу да сваіх”, ініцыяваны Каардынацыйным штабам па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

Фота: t.me/sbukr

Аднак гаворка не зусім пра ваеннапалонных. Украінскі бок прапануе расейскаму абменьваць сваіх грамадзян – здраднікаў і калабарантаў, асуджаных за дзяржаўную здраду і гатовых выехаць у РФ – на ўкраінцаў, што знаходзяцца ў палоне ў ворага. Спісы такіх асоб даступныя на сайце праекта, а ў профілі кожнага здрадніка ёсць таймер, які адлічвае час чакання на выезд.

Масква не праяўляе асаблівай зацікаўленасці ў вяртанні сваіх агентаў: ёй яны былі цікавыя да таго часу, пакуль дзейнічалі на тэрыторыі Украіны. Цяпер, у лепшым выпадку, гэта толькі матэрыял для прапаганды і фэйкаў. Па іх навядзенні расейцы наносілі ракетныя ўдары не толькі па ваенных аб’ектах, але і па мірным насельніцтве.

Напрыклад, што замінала аднаму з іх, ураджэнцу Чарнігаўшчыны, з’ехаць з «ненавіснай Украіны» яшчэ задоўга да вайны? Палкі прыхільнік забароненай ва Украіне камуністычнай партыі, удзельнік пракрамлёўскай арганізацыі «Саюз савецкіх афіцэраў» – такога і вербаваць не трэба. 

На шчасце, Чарнігаўшчына, нягледзячы на ​​суседства з краінай-агрэсарам, не такая «багатая» на здраднікаў: акрамя гэтага персанажа, у межах праекта «Хачу да сваіх», абмену чакаюць яшчэ трое, асуджаныя за дзяржаўную здраду. 

Але ці можна спыніць хвалю здрады, калі глядзець на ўсю Украіну, – асабліва ўлічваючы, што нават пасля суда такіх людзей усё роўна абменьваюць і адпраўляюць да “сваіх”, у Расею, куды яны і да вайны надта не спяшаліся? 

Галоўнае – не забыцца пазбавіць іх украінскага грамадзянства.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя