Адкрыццё 17-га лістапада польска-беларускай мяжы ў Кузніцы і Баброўніках дало першыя станоўчыя вынікі для рэгіёну.

Закрыццё мяжы за апошнія гады нанесла сур’ёзны ўдар мясцовым кампаніям і турыстычнай інфраструктуры. Зараз, дзякуючы новай сістэме аховы і тэхнічным умацаванням, пераходы з’яўляюцца бяспечнымі і гатовымі да актыўнага выкарыстання. Пра гэта заявіў прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Даніель Бацькоўскі:
– Сітуацыя такая, што яшчэ трохі і мы апынуліся б перад сцяной. І без якіх-кольвечы інвестыцый. Цяпер ёсць шанец. Пабачым, як доўга будзе гэта працягацца, ці атрымаецца ўсё адбудаваць. Ці захоча хто ў нас тут інвеставаць. Вось гэта важна. Страх перад гэтай граніцай, якая так узмоцнена, робіць сваё.
Бацькоўскі падкрэсліў, што адкрыццё пераходаў не было звязанае з магчымым вызваленнем беларускага журналіста Анджэя Пачобута і з’яўляецца чыста прагматычным крокам для аднаўлення трансгранічнага гандлю і турызму:
– Лукашэнка трактуе Пачобута як уласнага ворага. Магчыма Лукашэнка хацеў бы выпусціць Пачобута, але з адной умовай, што пасля вызвалення машынай завязуць і перададуць польскаму, або літоўскаму боку. І каб не вярнуўся. Але Пачобут на гэта не пагодзіцца. Ён не хоча пакідаць Беларусь.
Адкрыццё польска-беларускай мяжы адбылося на фоне падобных крокаў у Літве, дзе з 20 лістапада плануецца адкрыццё пунктаў пропуску «Мядзінінкай» і «Шальчінінкай». Польскія эксперты адзначаюць, што аднаўленне пераходаў у Польшчы можа прыцягнуць частку транзітнага грузавога патоку, пераарыентуючы яго з літоўскага напрамку.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя




