BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дар’я Астапенка пакараная польскім судом за шпіянаж

Польскі суд вынес прысуд былой актывістцы з Баранавічаў, пра затрыманне якой стала вядома ў студзені. Тады паведамлялася, што дзяўчыну затрымала польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) у канцы снежня 2024 года па падазрэнні ў працы на беларускі КДБ.

У СМІ пісалі, што супрацоўнічаць з камітэтам яна пачала ў 2017 годзе. Пазней прыехала ў Польшчу, дзе прапанавала сябе ў якасці валанцёра розным беларускім арганізацыямі.

Астапенка спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі дыяспары, пранікаць у вядучыя беларускія арганізацыі ў Польшчы, прапаноўваючы ім сваю валанцёрскую дапамогу, збірала інфармацыю пра дзейнасць падраздзяленняў Паспалітага Рушэння ў Беластоку, а таксама пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і тых, хто аказвае ім дапамогу.

Аднойчы Дар’я Астапенка ў нецвярозым стане сама расказала, што працуе на КДБ. Гэтая інфармацыя была перададзена ў ABW. У тэлефоне дзяўчаты знайшлі пацвярджаючыя матэрыялы. Ёй было прад’яўлена абвінавачанне ў шпіянажы.

Як паведамляе «Мая краіна Беларусь», Астапенка пайшла на супрацоўніцтва з польскімі службамі. У выніку ёй прызначылі пакаранне за шпіянаж у 2 гады і 8 месяцаў пазбаўлення волі. Пры гэтым былі залічаныя месяцы ўтрымання пад арыштам. Паводле інфармацыі рэсурсу, Астапенка хоча дабіцца змяншэння тэрміну пакарання да аднаго года.