BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Дарогай свабоды” – у Сейме Літвы працуе фотавыстава ў гонар Статкевіча

“Дарогай свабоды” – у Сейме Літвы працуе фотавыстава, пад такой назвай, прысвечаная палітзняволенаму беларускаму палітыку, лідару сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалаю Статкевічу. Яна адкрылася там 5 чэрвеня і будзе працаваць да 12 чэрвеня. Арганізатары выставы – сацыял-дэмактарычная партыя “Народная Грамада” і сацыял-дэмакраты Літвы разам з першым віцэ-спікерам Сейма Літвы Ёзасам Олекасам.

Як адзначаюць арганізатары, гэтая выстава – не толькі ўспамін пра боль і несправядлівасць, гэта голас салідарнасці, памяці і надзеі.

Кажа выконваючы абавязкі старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Яўген Вільскі:

– Мы стараемся пастаянна падтрымліваць імя Міколы Статкевіча, каб яно не сыходзіла з парадку дня, каб пастаянна было на слыху і за конт гэтай выставы, за конт падачаў на нейкія міжнародныя прэміі. Мікола Статкевіч з нашай падачы атрымаў прэмію Сахарава, прэмію Хасэ Франсіска Пеньі Гомеса. Мы яго намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру. Уся гэтая ініцыятыва адбываецца знізу.

Як зазначае Яўген Вільскі, яго засмуціў той факт, што ніхто з  Офісу Святланы Ціханоўскай не прысутнічаў на прэзентацыі, хоць ён запрашаў іх асабіста:

– Магчыма, мо бачаць якую канкурэнцыю з боку Мікалая Статкевіча і “Народнай грамады”. Гэта неяк незразумела. І гэта ж не першы раз. На ўсе нашыя мерапрыемствы, якія праходзяць у гонар Статкевіча, мы заўжды адпраўляем запрашэнні ў Офіс Святланы Ціханоўскай. Ні аднаго разу яно не было прынятае, ні адзін чалавек з той шматлікай групы, якая там сядзіць і атрымлівае нядрэнныя заробкі, ні разу ўвогуле ніхто не прыйшоў. Гэта жах.

Арганізатары заклікаюць неабыякавых беларусаў наведаць выставу, якая месціцца ў бібліятэцы Сейма Літвы. Бо важна помніць пра тых людзей, якія ідуць дарогай свабоды і змагаюцца за незалежнасць Беларусі. А Мікалай Статкевіч  – гэта не проста палітвязень і вядомы палітык, а той чалавек, які ўжо агулам 12 год свайго жыцця адседзеў у турмах за Свабоду Беларусі.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч апошнія пяць год знаходзіцца за кратамі ў Беларусі, зараз рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае яго ў глыбоцкай турме. Палітык амаль тры гады – у рэжыме інкамунікада.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя