BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Дойная карова»

«Не такія страшныя маскоўскія вошы, як украінскія гніды». Словы Сымона Пятлюры актуальныя нават праз сто з лішнім гадоў, асабліва ў ваенны час. Гаворка не столькі аб калабарантах, колькі аб ілжэпатрыётах. На днях Служба бяспекі Украіны выкрыла ўкраінскую кампанію – адзінага вытворцу аптэчак для ВСУ – у пастаўцы сродкаў тактычнай медыцыны ў РФ. У час вайны. Пачалося з ператрусаў на прадпрыемстве «Київгума» і яго даччыных кампаніях адразу па шасці адрасах.

Кіраўніцтва прадпрыемства стварыла фірму, якая заказвала тавар нібыта для продажу на тэрыторыі Еўразвяза, але пры гэтым адпраўляла прадукцыю ў РФ. Прыбалтыйская фірма з’яўлялася так званай «пракладкай» для бесперашкоднага праходжання ў Маскву, Санкт-Пецярбург і Кранштат. І тавар трапляў не ў гандлёвую сетку, а наўпрост у шпіталі і на перадавую. Доказная база такой дзейнасці, па заявах у СБУ, маштабная і вычарпальная: рахункі на аплату тавара, які ідзе на экспарт, перапіска непасрэдна з кліентамі ў РФ, водгукі са словамі падзякі ў сацсетках ад саміх акупантаў.

Ёсць пасты «УКантакце», дзе на фота відаць каробкі ад «Київгуми» з датай вырабу. Па матэрыялах справы, у 2022-2023 гадах «Київгума» адправіла ў РФ буйныя партыі тактычных джгутоў і бінтоў уласнай вытворчасці на суму больш за 40 мільёнаў грыўняў. Пры гэтым уласнік украінскай кампаніі актыўна «раскручваў» уласны імідж як валанцёра, які перадае медыцынскія тавары ўкраінскім байцам. За два гады поўнамаштабнай вайны ўкраінскі бізнес прайшоў праз «ачышчэнне» адзіным спосабам: ці гандлюеш ты з РФ.

Колькі яшчэ ўсплыве адкрытых здраднікаў, якія прыкрываюцца валанцёрскай дзейнасцю і еўрапейскімі партнёрскімі фірмамі? Можна ўявіць здзеклівую ўсмешку акупанта падчас перавязкі джгутом з маркіроўкай па-ўкраінску. Так і атрымліваецца, што для некаторых вайна – гэта святы абавязак абараняць сваю зямлю, а для некаторых – звычайная дойная карова.

Беларускае Радыё Рацыя